Расія разам з Беларуссю спрабавала сарваць глабальную рэформу ААН. Але нічога не атрымалася

«Саміт будучыні», які адбыўся на мінулых выходных у Нью-Ёрку, стаў доўгачаканай спробай рэфармаваць ААН і надаць ёй больш паўнамоцтваў для вырашэння надзённых праблем чалавецтва. Сарваць рэформу спрабавала Расія і некаторыя яе саюзнікі, уключаючы Беларусь, але ўсе яны аказаліся ў татальнай меншасці.

23.09.2024 / 11:49

Вынікі галасавання супраць папраўкі Расіі да глабальнай рэформы ААН, якая ў выпадку прыняцця зводзіла б на нішто эфектыўнасць рэформы. Расію падтрымалі толькі Беларусь, Іран, Паўночная Карэя, Нікарагуа, Судан і Сірыя. Фота: AP Photo / Frank Franklin II

Доўгачаканая глабальная рэформа Арганізацыі аб'яднаных нацый была нарэшце прынята, піша выданне The Washington Post.

Абмеркаванне рэформы ладзілася на выходных падчас «Саміта будучыні» ААН у Нью-Ёрку, у якім, апроч іншых, таксама прымала ўдзел дэлегацыя рэжыму Лукашэнкі.

Выніковы дакумент саміта, які мае афіцыйную назву «Пакт аб будучыні», быў прыняты ўсімі краінамі-сябрамі ААН і ўяўляе сабой глабальны план з 56 пунктаў па такіх пытаннях, як выкараненне галечы, змякчэнне наступстваў змены клімату, дасягненне гендарнай роўнасці, умацаванне міру, абарона грамадзянскіх правоў і іншыя.

Пакт таксама ўяўляе сабой першую шматбакова ўзгодненую падтрымку ядзернага раззбраення за больш чым дзесяцігоддзе і першае ўніверсальнае пагадненне аб міжнародным кіраванні штучным інтэлектам, адзначае The Washington Post.

Акрамя таго, рэформа ААН мае на ўвазе ўзмацненне ролі арганізацыі ў спыненні ваенных канфліктаў і пашырэнне складу Рады Бяспекі ААН за кошт уключэння ў яго прадстаўнікоў Афрыкі, Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёну і Лацінскай Амерыкі.

Як заяўляе прэс-служба ААН, прыняцце дакумента аб рэформе было пад пытаннем да самага апошняга моманту. Атмасфера на саміце была настолькі напружаная, што генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш выступіў аж з трыма падрыхтаванымі прамовамі.

Адзінай краінай, якая паспрабавала сарваць прыняцце дакумента, была Расія, якую падтрымала Беларусь і шэраг іншых аўтарытарных краін.

«Расія з дапамогай Беларусі, Ірана, Паўночнай Карэі, Нікарагуа, Судана і Сірыі спрабавала ўнесці папраўку ў праект глабальнай рэформы ААН, якая б зрабіла гэтую рэформу бессэнсоўнай. Гэтая папраўка ўяўляе сабой сказ, што «ААН і яе структуры не павінны ўмешвацца ў пытанні, якія па сутнасці знаходзяцца пад унутранай юрысдыкцыяй якой-небудзь дзяржавы».

Супраць расійскай папраўкі выступіла абсалютная большасць краін свету, асабліва ўсе 54 краіны Афрыкі, якія і ініцыявалі галасаванне супраць папраўкі, чым сарвалі апладысменты ў зале, піша The Washington Post.

Пасля паспяховага прыняцця «Пакту аб будучыні» канцлер Германіі Олаф Шольц папярэдзіў, што калі краіны не аб'яднаюцца і не рэалізуюць усе 56 пунктаў пакта, «то не толькі гісторыя будзе судзіць нас, але і моладзь па ўсім свеце».

«Нам такія факты невядомыя». Як лукашэнкаўскія чыноўнікі адбіваліся ў Жэневе ад нязручных пытанняў Камітэта ААН

Беларуская спецдакладчыца ААН, якая «адмывае» дыктатуры ад санкцый. Хто такая Алена Доўгань

Сяргей Алейнік у Нью-Ёрку паціснуў руку Франаку Вячорку

Nashaniva.com