У Албаніі збіраюцца стварыць новую карлікавую мусульманскую дзяржаву
У сталіцы Албаніі Тыране хочуць стварыць карлікавую дзяржаву па тыпе Ватыкана. Там будзе дазволены алкаголь, жанчыны змогуць насіць тое, што хочуць, і не будзе навязвацца ніякіх правілаў ладу жыцця. У дзяржавы будуць таксама уласная адміністрацыя і пашпарты, піша The New York Times.
22.09.2024 / 19:43
Сталіца Албаніі Тырана. Фота: flickr.com / commons.wikimedia.org
Прэм'ер-міністр Албаніі Эдзі Рама заявіў, што ў найбліжэйшай будучыні ён абвесціць пра планы стварэнне Суверэннай дзяржавы ордэна Бекташы.
«Бог нічога не забараняе. Вось чаму ён даў нам розум», — сказаў рэлігійны лідар суфійскага ордэна Бекташы Эдманд Брахімай, які мае намер кіраваць новаствораным анклавам.
Тэрыторыя меркаванай новай ісламскай дзяржавы ўяўляе сабой комплекс у жылым раёне з нізкай арэнднай платай на ўсходзе Тыраны. Гэта ўсяго толькі чвэрць плошчы Ватыкана.
Прэм'ер Рама патлумачыў, што мэта новай дзяржавы — прасоўванне талерантнай версіі ісламу, якой Албанія ганарыцца. «Мы павінны берагчы гэты скарб, якім з'яўляецца рэлігійная памяркоўнасць, і які мы ніколі не павінны прымаць як належнае», — сказаў ён.
Са слоў прэм'ер-міністра, адкрыта ўмераная ісламская мікрадзяржава паслала б сігнал: «Не дазваляйце стэрэатыпам пра мусульман вызначаць, хто такія мусульмане».
Ордэн Бекташы прапаведуе ўмераны іслам. Паводле інфармацыі нямецкага гуманітарнага праекта Renovabis, да гэтага ордэна належыць толькі 2,1% насельніцтва Албаніі.