Беларусам за мяжой пачалі рассылаць паведамленні, каб нагадаць пра «камісію па вяртанні»

Беларускім палітычным уцекачам пачалі пісаць у месенджарах з беларускіх нумароў — прапаноўваць вяртацца праз камісію генпракурора Шведа, піша «Вясна».

22.09.2024 / 18:45

Актывіст з Рагачова Дзяніс Дашкевіч атрымаў у Viber паведамленне з беларускага нумара, у якім расказваюць пра «камісію па вяртанні». Паведамляецца, што ён можа звярнуцца ў яе, калі мае жаданне вярнуцца ў Беларусь.

Дзяніс — 39-гадовы актывіст з Рагачова, больш за дзесяць гадоў вёў рэгіянальны рэсурс «Рагачоў Анлайн», аднак пасля выбараў быў вымушаны з'ехаць з краіны. У траўні 2023-га яго аштрафавалі на 720 рублёў за публікацыю фота з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам на фоне сцяга польска-венгерскага сяброўства, які падаўся суду падобным да БЧБ. У жніўні мінулага года на Дашкевіча завялі крымінальную справу за абразу Лукашэнкі.

Праваабаронцам вядомыя як мінімум 3 выпадкі, калі нягледзячы на «дамоўленасці» і звяртанне ў «камісію па вяртанні», супраць людзей заводзілі крымінальныя справы пасля вяртання ў Беларусь.

Nashaniva.com