«Знойдзеная жаночая рука, што намёртва заціснула фрагмент дзіцяці». Як самалёт з беларускім экіпажам пратаранілі ў небе над Украінай
45 гадоў таму ў небе над Украінай на вышыні больш чым восем кіламетраў сутыкнуліся два савецкія авіялайнеры Ту-134. Адзін з іх належаў Беларускаму ўпраўленню грамадзянскай авіяцыі (папярэдніку «Белавіі»), кіраваўся беларускім экіпажам і, акрамя іншых пасажыраў, вёз у нашую краіну футбольную каманду «Пахтакор» на матч з мінскім «Дынама». Што прывяло да другой па колькасці ахвяр авіякатастрофы ў гісторыі СССР, адкуль узялася версія, што самалёты збілі ракеты савецкай СПА і як Мінск захаваў сляды гэтай трагедыі? Расказвае «Люстэрка».
22.09.2024 / 15:04
Самалёт Ту-134 у ліўрэі савецкага авіяперавозчыка «Аэрафлот» узору 1973 года. Фота: Ralf Manteufel, www.abpic.co.uk, GFDL 1.2, commons.wikimedia.org
Трагедыя над Петрыкаўскім раёнам
11 жніўня 1979 года трэнер узбекскай футбольнай каманды «Пахтакор», кіяўлянін Алег Базілевіч, атрымліваў асалоду ў Сочы ў таварыстве жонкі і 14-гадовага сына. У гэты дзень яго клуб авіярэйсам Ташкент — Мінск з прамежкавымі пасадкамі ў Гур’еве (цяпер гэта горад Атыраў у Казахстане) і Данецку дабіраўся да Беларусі. Там падапечныя Базілевіча збіраліся згуляць з мінскім «Дынама» матч у адказ Вышэйшай лігі чэмпіянату СССР.
Мінчукі чакалі «Пахтакор» на матч-рэванш: у ліпені ўзбекскі клуб узяў верх над «Дынама» з лікам 2:0. Сам трэнер скарыстаўся выпадкам і, узгадніўшы гэтае пытанне з кіраўніцтвам, вылецеў з Ташкента на два дні раней — каб па дарозе сустрэцца ў чарнаморскім санаторыі «Узбекістан» з сям’ёй, якой не бачыў ужо тры месяцы.
Тэлефона ў нумары не было, у дзверы пастукала пакаёўка. Дзяўчына сказала, што трэнеру паступіў тэрміновы званок з Ташкента. Базілевіч, адчуўшы трывогу, пайшоў на першы паверх да адміністратара і ўзяў слухаўку. На провадзе быў Мірзаалім Ібрагімаў — старшыня Дзяржаўнага камітэта Узбекскай ССР па фізкультуры і спорце (у сучаснай тэрміналогіі — міністр спорту Узбекістана).
Трывожныя чаканні Базілевіча апраўдаліся: голас чыноўніка дрыжаў. З цяжкасцю стрымліваючы рыданні, ён вымавіў страшныя словы: «Каманда загінула… Добра, хоць ты з імі не паляцеў…» Пасля гэтага сувязь перарвалася. Базілевіч ухапіўся за стойку адміністратара і застыў з трубкай у руцэ. Пазней ён успамінаў, што адчуў, быццам яго аблілі ледзяной вадой, а яго свядомасць ад жаху часова адключылася — ён нават не памятаў, як трапіў назад у нумар.
На жаль, весткі ад Ібрагімава аказаліся праўдай.
У 13 гадзін 11 хвілін 11 жніўня 1979 года ў аэрапорце Данецка ў паветра падняўся авіялайнер Ту-134 з бартавым нумарам СССР-65735 Беларускага ўпраўлення грамадзянскай авіяцыі. Самалёт выконваў апошні этап пералёту з Ташкента ў Мінск. Экіпаж самалёта складаўся з сямі чалавек: камандзіра Анатоля Камарова, другога пілота Сяргея Петрасяна, штурмана Мікалая Шчыпера, бортмеханіка Ягора Сімакова, радыста Юрыя Смірнова і дзвюх сцюардэс — Наталлі Гапановіч і Людмілы Лапцевай.
Ту-134 у бел-чырвона-белай ліўрэі на савецкай паштовай марцы 1965 года. Фота: Post of Soviet Union. Адсканавана Андрэем Бутко, commons.wikimedia.org
На борце авіялайнера было 77 пасажыраў, у тым ліку 13 дзяцей. 17 пасажыраў былі гульцамі і трэнерамі той самай узбекскай каманды «Пахтакор», якая ляцела ў Беларусь на матч супраць мінскага «Дынама».
Самалёт без усялякіх праблем узляцеў, пачаў набіраць вышыню і трапіў у густыя аблокі. Арыентавацца і ляцець у такіх умовах дапамагалі ўказанні дыспетчараў Харкаўскага рэгіянальнага цэнтра адзінай сістэмы кіравання паветраным рухам (РЦ АС КПР). Праз 24 хвіліны пасля ўзлёту самалёт знаходзіўся на вышыні 8400 метраў над Петрыкаўскім раёнам Днепрапятроўскай вобласці Украіны, крыху на поўнач ад буйнога горада Днепрадзяржынска (цяпер Каменскае).
У гэты момант у правае крыло самалёта на хуткасці каля 830 км/г урэзаўся яшчэ адзін Ту-134. Курсы двух «тушак» перасекліся амаль пад прамым вуглом, удар па крыле другі лайнер нанёс проста сваёй кабінай пілотаў. Ён належаў Малдаўскаму рэспубліканскаму вытворчаму аб’яднанню грамадзянскай авіяцыі і меў бартавы нумар СССР-65816. Самалёт выконваў рэйс з Чалябінска ў Кішынёў — таксама з прамежкавай пасадкай у Варонежы. Экіпаж гэтага лайнера складаўся з шасці чалавек — камандзіра, другога пілота, штурмана, бортмеханіка і двух бортправаднікоў. У салоне было 88 пасажыраў, у тым ліку 16 дзяцей.
Спачатку ад сутыкнення разбурылася верхняя частка кабіны пілотаў і пасажырскага адсека кішынёўскага самалёта і правае крыло мінскага. Ад удару абодва лайнеры пачалі хутка разварочвацца вакол сваіх вертыкальных восяў. Часткі знішчанага кішынёўскага самалёта, выкінутыя ўдарам, пачалі ўразацца ў правы борт мінскага. У працэсе далейшага развароту Ту-134 сутыкнуліся хваставымі часткамі, пры гэтым левы рухавік кішынёўскага ўдарыў у левы борт мінскага.
Схема сутыкнення двух Ту-134 у небе над Украінай у жніўні 1979 года. Зверху самалёт з малдаўскім экіпажам, унізе — з беларускім. Выява: Alex Alex Lep, CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org
Пасля ўдару мінскі самалёт разваліўся на дзве буйныя часткі, якія ўпалі прыкладна за паўтара кіламетра адна ад адной. Кішынёўскі лайнер у паветры практычна раскрышыўся на восем больш-менш буйных фрагментаў і мноства дробных. Абломкі абодвух Ту-134 раскідала на ўчастку 16×3 кіламетры паміж населенымі пунктамі Курылаўка, Мікалаеўка і Елізаветаўка ў Петрыкаўскім раёне Днепрапятроўскай вобласці.
Выжыць у такой катастрофе не змог ніхто. Усе 178 чалавек (у тым ліку 29 дзяцей) на борце абодвух самалётаў загінулі.
Вось як апісваў месца катастрофы пажарны Мікалай Прысветлы: «У Мікалаеўцы на ўзгорку была бачная кабіна самалёта, бліжэй да Дняпра ляжала паўсалона. Усюды валяліся рэчы, трупы людзей. Падпаленыя часткі самалёта мы тушылі гадзіны тры. Самалёт, дзе былі футбалісты «Пахтакора», ляжаў у лесе, а хвост яго — злева, на полі. Урэзаліся ў памяць карціны, калі была знойдзеная жаночая рука па плячо, што намёртва заціснула фрагмент прыкладна аднагадовага дзіцяці… Жудасць страшная! Знайшлі след ад цела, якое выбіла на дарозе ямку глыбінёй некалькі сантыметраў, а само цела, калі можна так сказаць, знаходзілася метраў за дваццаць. Яно было без костак, як жэле. Змяніліся мы толькі праз суткі. Тады ж пачалі прывозіць труны і складаць у іх фрагменты целаў загінулых. Прасілі складаць так, каб у адну труну не траплялі чатыры рукі ці тры нагі. Калі б не гібель футбольнай каманды «Пахтакор», то пра гэтую трагедыю мала хто ведаў бы. Для мяне гэта былі самыя страшныя суткі за ўвесь час службы ў пажарнай частцы. І не дай бог камусьці бачыць і перажыць такое!»
Сваю частку трагедыі перажылі жыхары Курылаўкі і Мікалаеўкі. Многія з іх адчулі шок, калі сярод белага дня да іх у двор з неба пачалі падаць целы людзей.
У СССР не было прынята аддаваць шырокай агалосцы інфармацыю пра катастрофы, якія адбываліся ў краіне. Але трагедыю ў небе над Днепрапятроўскай вобласцю схаваць не ўдалося. На матч у Мінску з удзелам «Пахтакора» ўжо былі прададзеныя тысячы білетаў, і беспадстаўная адмена матчу ў любым выпадку выклікала б падазрэнні ў заўзятараў.
Што прывяло да катастрофы: афіцыйная версія
Афіцыйнае расследаванне высветліла, што прычынай катастрофы сталі дзеянні дыспетчараў Харкаўскага цэнтра РЦ АС КПР.
Участак неба, за які адказваў цэнтр, быў вельмі ажыўленым. Тут лётала мноства самалётаў, што рабіла працу дыспетчараў вельмі напружанай. А палове восьмай раніцы на дзяжурства заступіла змена пад кіраўніцтвам старшага дыспетчара Сяргея Сяргеева. На складаны паўднёва-заходні сектар ён паставіў маладасведчанага дыспетчара 3-га класа (фактычна стажора), 20-гадовага Мікалая Жукоўскага. Кантраляваць яго працу Сяргееў прызначыў больш дасведчанага дыспетчара 1-га класа Уладзіміра Сумскога.
Сітуацыя, якая прывяла да трагедыі, пачала складвацца за 15 хвілін да яе. Тады першы, кішынёўскі, самалёт на вышыні 8400 метраў зайшоў у сферу адказнасці Жукоўскага. Прыкладна ў гэты ж час Сяргееў, які паводле інструкцыі таксама мусіў кантраляваць дзеянні стажора, падмяніў дыспетчара іншага, паўночна-ўсходняга сектара — і дзеянні Жукоўскага з Сумскім на паўднёва-заходнім сектары засталіся без яго кантролю.
Стажор памыліўся ў разліках і тройчы адмовіў кішынёўскаму экіпажу на запыт перамясціцца на вышэйшы эшалон 9600 метраў, палічыўшы, што той у такім выпадку небяспечна зблізіцца з іншым самалётам, які рухаўся спадарожным рэйсам. Насамрэч паміж тымі лайнерамі тады было 55 кіламетраў. А вось мінскі самалёт, лічыў Жукоўскі, кішынёўскаму не пагражаў, хоць адлегласць паміж імі хутка скарачалася.
Прыкладна праз дзесяць хвілін мінскі самалёт далажыў, што падняўся на эшалон 7200 метраў, і Жукоўскі даў яму ўказанне падымацца да 8400 метраў. Так абодва самалёты — удзельнікі хуткай трагедыі апынуліся на адной вышыні і на курсах збліжэння. Катастрофы яшчэ можна было пазбегнуць — мінскі авіялайнер мусіў далей набраць вышыню і падняцца да дзевяці кіламетраў. Але там на сустрэчным курсе з’явіўся яшчэ адзін самалёт, Іл-62, таму Жукоўскі загадаў мінскаму Ту-134 заставацца на эшалоне 8400. Праз памылку ў разліках ён па-ранейшаму лічыў, што мінскі і кішынёўскі лайнеры не перасякуцца.
У 13.30 дыспетчар Сумской, назіраючы на экране радыёлакатара небяспечнае збліжэнне метак самалётаў, зразумеў, што Жукоўскі памыліўся. Ён умяшаўся ў кіраванне палётамі, каб выправіць памылку. Вызначыўшы, што вольны эшалон 9600, ён двойчы загадаў падняцца на яго самалёту Іл-62. А на вызвалены эшалон 9000 адправіў беларускі Ту-134 з дапамогай каманды «735, а вы 9000 займіце, над Днепрадзяржынскам 8400 перасякальны».
Помнік футбольнай камандзе «Пахтакор», якая загінула ў авіякатастрофе 11 жніўня 1979 года, Курылаўка, Украіна, 2014 год. Фота: Ала Сяргееўна Шулепіна-Тазетдзінава, Рустэм Ірсаеў. ru.wikipedia.org
За хвіліну да катастрофы Іл-62 з другога разу пацвердзіў прыём каманды і пачаў падымацца. А праз некалькі секунд пасля гэтага ў эфіры прагучала «Зразумеў…(неразборліва)…8400». Сумской палічыў гэтае паведамленне як пацверджанне экіпажа мінскага Ту-134 пра прыём каманды і займанне эшалона 9000 метраў. Вырашыўшы, што выправіў памылку, ён не праверыў становішча самалётаў на звестках радыёлакатара, супакоіўся і адышоў ад працоўнага месца Жукоўскага. Насамрэч мінскі экіпаж праз памехі не пачуў першай часткі фразы (пра неабходнасць заняць эшалон 9000), а другую (пра перасякальныя курсы з іншым самалётам на вышыні 8400) успрыняў проста як дадатковую інфармацыю. Адпаведна, вышыню самалёт мяняць не стаў — шанцаў пазбегнуць катастрофы цяпер не было.
На наступныя выклікі дыспетчараў ні малдаўскі, не беларускі лайнеры больш не адказвалі. А ў 13.40 на сувязь выйшаў экіпаж «кукурузніка» Ан-2, які пралятаў паблізу і перадаў, што ў раёне Курылаўкі бачыць, як падаюць часткі самалёта.
Фактычна Жукоўскі праз памылку ў разліках скіраваў самалёты адзін на адзін, мяркуючы, што яны павінныя размінуцца. Сумской паспеў заўважыць яго памылку і паспрабаваў яе выправіць — але не пераканаўся ў тым, што яго каманды прынятыя, і не пракантраляваў становішча самалётаў з дапамогай радыёлакатара. У дадатак праз ажыўленыя перамовы ў радыёэфіры паведамленні прыходзілі з памехамі, якія перашкаджалі іх зразумець правільна.
Суд над дыспетчарамі пачаўся праз 11 месяцаў пасля авіякатастрофы. Ён праходзіў у вельмі цяжкай абстаноўцы. Адна з жанчын, дзіця якой загінула, нават прыйшла на суд з сякерай. Падсудныя на працэсе паводзіліся па-рознаму. Жукоўскі абвінавачваў свайго калегу ў тым, што той яго не падрыхтаваў да працы, і віну прызнаў толькі часткова. Сумской сваю віну прызнаў і ў апошнім слове прасіў прабачэння ў сваякоў загінулых.
Вярхоўны суд Украінскай ССР асудзіў дыспетчараў Мікалая Жукоўскага і Уладзіміра Сумскога на 15 гадоў пазбаўлення волі ў папраўча-працоўнай калоніі агульнага рэжыму. Першы з калоніі так і не выйшаў — там ён скончыў жыццё самагубствам. А Сумскога праз шэсць гадоў і пяць месяцаў у калоніі пад Крывым Рогам памілавалі і выпусцілі на волю.
Альтэрнатыўныя версіі прычын катастрофы
З афіцыйнай версіяй падзей і з размеркаваннем адказнасці за катастрофу згодныя не ўсе.
Уладзімір Сумской у 2004 годзе даў інтэрв'ю, у якім зноў згадзіўся з вынесеным яму прысудам. Але адзначыў, што лічыць вінаватым у трагедыі і сваё непасрэднае кіраўніцтва. Паводле Сумскога, дыспетчары Харкаўскага цэнтра РЦ АС КПР адначасова трымалі на сувязі па 12 самалётаў, у той час як згодна з разлікамі спецыялістаў Акадэміі грамадзянскай авіяцыі, якія займаліся вывучэннем трагедыі, максімальная колькасць нават для аўтаматыкі таго часу не магла перавышаць 10−11 бартоў.
Надмагільная шыльда на магіле экіпажа Ту-134, які разбіўся ў авіякатастрофе над Украінай 11 жніўня 1979 года. Фота: Уладзімір Паўлоўскі (Litvin87). CC BY 3.0, commons.wikimedia.org
Акрамя таго, Сумской не разумеў, чаму адказнасці ўнік старшы дыспетчар Сяргееў, які ў фатальны дзень так няўдала размеркаваў змену. Спецыяліст, што адседзеў шэсць з паловай гадоў у зняволенні, сцвярджаў, што паводле інструкцыі дапамагаць Жукоўскаму мусіў не ён, шараговы дыспетчар, а менавіта начальнік змены, то-бок старшы дыспетчар Сяргееў.
Ёсць і больш экзатычныя версіі наконт таго, хто нясе адказнасць за трагедыю ў небе над Украінай у жніўні 1979 года. У расійскіх і украінскіх СМІ сустракаюцца сцверджанні, што трагедыя была звязаная з закрыццём аднаго з аптымальных паветраных калідораў для патрэбаў урадавага рэйса. У той дзень у Крыме адпачываў савецкі лідар Леанід Брэжнеў, і да яго збіраўся ляцець яго сябар і «правая рука» Канстанцін Чарненка. У адпаведнасці з гэтай версіяй, дыспетчары, перакрыўшы адзін з калідораў, вымушаныя былі размяркоўваць самалёты па іншых — што і прывяло ў выніку да «цеснаты» на фатальным эшалоне. Зрэшты, у матэрыялах суда злавесная роля нейкіх урадавых рэйсаў не згадвалася.
У 2008 годзе галоўны трэнер «Пахтакора» Алег Базілевіч, што цудам пазбегнуў гібелі, у інтэрв'ю ўкраінскаму журналісту Дзмітрыю Гардону расказаў, што не верыць у афіцыйную версію катастрофы. Журналіст спытаў у яго:
— Што ж прывяло да фатальнага сутыкнення — памылка пілота, дыспетчара?
— Канчатковы адказ на гэтае пытанне дасць толькі час, але я чамусьці ў афіцыйную версію не веру, — адказаў Базілевіч. — Мне здаецца, «Пахтакор» загінуў праз безалабернасць нашых СПА, стаў іх чарговай ахвярай. Самалёт, я лічу, збілі там, дзе яму нельга было з’яўляцца. <…> Проста праз памылку дыспетчара борт з футбалістамі заляцеў у паветраную прастору над нейкім абаронным аб’ектам.
Савецкія вайскоўцы сапраўды не раз адкрывалі агонь па цывільных савецкіх самалётах. У 1959 годзе пад абстрэл са стралковай зброі ў раёне Сталінграда (цяпер гэта Валгаград у Расіі) трапіў пасажырскі самалёт Іл-14, які выконваў рэйс з Масквы ў Баку. Тады загінула 25 чалавек. А ў 1962 годзе над Краснаярскім краем адна з частак СПА, праводзячы навучальныя пускі ракет, збіла самалёт Ту-104А — гэтая памылка каштавала 84 жыцці.
Але нейкіх рэальных пацверджанняў у гіпотэзы пра збіццё ў небе над Украінай адразу двух цывільных лайнераў няма. На абломках самалётаў, якія зваліліся ў Петрыкаўскім раёне, не было слядоў ад трапляння ракет і снарадаў, савецкія вайскоўцы не праводзілі тут у той момант вайсковых вучэнняў з ракетнымі пускамі.
Памяць пра катастрофу ў Беларусі і «Незгуляны матч»
Памяць пра трагедыю ва ўкраінскім небе засталася на Усходніх (Маскоўскіх) могілках у Мінску. Тут у 1979 годзе пахавалі ўвесь экіпаж мінскага Ту-134, акрамя Сяргея Петрасяна, цела якога павезлі на радзіму, у Арменію. Групавое пахаванне знаходзіцца непадалёк ад так званай «Алеі зорак», дзе размешчаныя магілы чыноўнікаў, вядомых артыстаў, пісьменнікаў і навукоўцаў.
Магілы беларускага экіпажа лайнера Ту-134 на Усходніх могілках у Мінску. Фота: Уладзімір Паўлоўскі (Litvin87), CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org
11 жніўня 2024 года ў Мінску на стадыёне «Дынама-Юні» прайшоў «Незгуляны матч» у памяць пра авіякатастрофу 45-гадовай даўніны. У складзе «Пахтакора» і «Дынама» гулялі ветэраны ўзбекскага клуба складу 1979 года, якім пашчасціла прапусціць трагічны рэйс, і ветэраны мінскага клуба, якія тады не дачакаліся сваіх супернікаў: Ахмад Убайдулаеў, Генадзь Дзянісаў, Ігар Паваляеў, Эдуард Малафееў, Анатоль Байдачны, Сяргей Бароўскі, Ігар Гурыновіч. Матч скончыўся з лікам 6:6.