Лукашэнка пачынае плаўны разварот у замежнай палітыцы? Разважае Карбалевіч

«Ён хацеў бы прынамсі мець нейкі запасны варыянт, запасны аэрадром на выпадак, калі падзеі пачнуць развівацца негатыўна для яго».

22.09.2024 / 13:11

Фота: БелТА

Палітычны аглядальнік Валерый Карбалевіч на «Радыё Свабода» звярнуў увагу на тое, што напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў заўважны прыкметы пэўнага напружання ўладаў.

«Інакш цяжка растлумачыць спробу Лукашэнкі дээскалацыі адносін з Захадам», —

гаворыць Карбалевіч і адзначае «трохі дзіўнаватыя» крокі ўладаў, якія «выпадаюць з нармальнага гледзішча».

Першы з іх — гэта вызваленне 115 палітвязняў цягам апошніх трох месяцаў:

«Чатыры гады гэтых вязняў толькі набіралі, а цяпер раптам пачалі выпускаць і назвалі гэта «гуманнасцю». З чаго раптам улады пачалі мітусіцца?»

Акрамя гэтага заўважная і змена рыторыкі Лукашэнкі:

«Колькі Лукашэнка ні гаварыў бы, што Захад нам цяпер нецікавы, што мы пераарыентуемся на Усход, але, тым не менш, адносіны з Захадам для яго важныя. І Лукашэнка гэта прагаворвае, няхай ускосна, апасродкавана апошнім часам», —

лічыць Карбалевіч.

Гэтыя матывы прагучалі і ў выступленні Лукашэнкі на ўрачыстасцях, прысвечаных Дню народнага адзінства:

«У сумбурным, супярэчлівым спічы згадвалася і Расія. Прычым калі ўважліва сачыць, то яна згадвалася як пэўная пагроза. Маюцца на ўвазе расійскія беспілотнікі, якія раптам пачалі лётаць над тэрыторыяй Беларусі. (…) Лукашэнка казаў, калі будзе нейкі вайсковы замах на Беларусь, то гэта пагроза Трэцяй сусветнай вайны. Але ў якасці крыніц гэтых магчымых пагроз згадваліся і расейцы».

«Гэта сведчыць пра тое, што ёсць пэўная няўпэўненасць рэжыму Лукашэнкі ў той сітуацыі, якая ёсць. І ён хацеў бы прынамсі мець нейкі запасны варыянт, запасны аэрадром на выпадак, калі падзеі пачнуць развівацца негатыўна для яго».

Лукашэнка: Напад на Беларусь — гэта Трэцяя сусветная вайна, я не блефую

Лукашэнка патлумачыў, чаму ў Беларусі маўчаць, што праз яе туды-сюды лётаюць расійскія шахеды

Вызваленнем новай групы палітвязняў Лукашэнка пасылае яшчэ адзін сігнал. Каму і навошта?

Nashaniva.com