Мінчанка спрабавала купіць лекі па фальшывым рэцэпце і атрымала 11 гадоў строгага рэжыму

Гэтая жанчына ўжо была на ўліку ў доктара-нарколага і раней тройчы судзімая.

21.09.2024 / 15:05

Ілюстрацыйнае фота

У сталіцы 39-гадовая жанчына вырашыла хітра абыйсці сістэму і набыць лекі па падробленым рэцэпце, але замест запаветных прэпаратаў атрымала вялікі турэмны тэрмін — 11 гадоў і 1 месяц калоніі строгага рэжыму.

Як паведамляюць «Мінск-Навіны», гэтая жанчына ўжо была на ўліку ў доктара-нарколага і раней тройчы судзімая, у тым ліку за абарот забароненых рэчываў і выкарыстанне падробленых дакументаў. На гэты раз яна вырашыла паспрабаваць падмануць правізараў: па радзе знаёмага расстаралася чысты рэцэптурны бланк, запоўніла яго і адправілася ў аптэку.

Аднак фармацэўт, западозрыўшы нядобрае, папрасіла жанчыну пачакаць і выклікала міліцыю. Неўзабаве яе затрымалі, а затым распачалі крымінальную справу за выкарыстанне загадзя падробленага дакумента.

Суд улічыў усе папярэднія злачынствы асуджанай і вынес суровы вердыкт: 11 гадоў калоніі строгага рэжыму, а таксама штраф у 12 000 рублёў. Акрамя таго, жанчыну абавязалі прайсці прымусовае лячэнне ад наркаманіі.

Nashaniva.com