Літва можа перадаць Украіне пажарныя машыны з Беларусі, прызначаныя для Зімбабвэ
Машыны завіслі ў Клайпедзе.
21.09.2024 / 13:26
Фота: @HeraldZimbabwe
Літва разглядае магчымасць перадачы Украіне 17 пажарных машын з Беларусі, накіраваных у Зімбабвэ і канфіскаваных у Клайпедзе летась у сувязі з санкцыямі. Пра гэта паведаміла генеральны пракурор Ніда Грунскене журналістам у пятніцу, піша 15min.lt.
«Так, вядзецца дасудовае расследаванне, і пракурор прыняў пастанову, калі я не памыляюся, што 17 машын, якія павінны былі адправіцца ў Зімбабвэ, павінны быць канфіскаваныя, і цяпер прымаецца пастанова аб магчымай перадачы іх Украіне», — сказала генпракурор.
На мінулым тыдні Паўднёваафрыканскі дзяржаўны партал навінаў The Herald заклікаў Літву перадаць 17 аўтамабіляў, набытых Зімбабвэ ў Беларусі летась. Са слоў генпракурора Зімбабвэ, аўто былі затрыманыя ў Клайпедскім марскім порце ў сакавіку мінулага года.
«Ёсць распараджэнне пракурора, якое інфармуе пракуратуру Зімбабвэ аб тым, што 17 аўтамабіляў канфіскаваныя, бо кампанія, якая вырабляла гэтыя аўтамабілі, знаходзіцца пад санкцыямі, і Зімбабвэ таксама знаходзіцца пад санкцыямі», — сказала Грунскене.
Паводле яе слоў, афрыканская краіна таксама была праінфармаваная аб гэтым рашэнні па дыпламатычных каналах.
«Мы чакаем, калі яны скарыстаюцца сваім правам на апеляцыю,» дадала яна.
ZimLive таксама адзначае, што генпракурор Зімбабвэ наведаў Літву ў пачатку гэтага года, каб вярнуць аўтамабілі.
У чэрвені мінулага года МНС праводзіла перамовы аб пастаўках беларускай тэхнікі, баявога адзення, рыштунку пажарных-ратавальнікаў у Зімбабвэ. Сярод іншага Беларусь збіралася паставіць Зімбабвэ 131 пажарную аўтацыстэрну вытворчасці завода »Пожснаб». Пазней у жніўні зімбабвійскія СМІ паведамлялі аб атрыманні партыі пажарных машын, піша Reform.news.
У 2022 годзе ў Зімбабвэ пастаўкі беларускіх пажарных машын суправаджаліся скандалам. Міністэрства па справах мясцовага самакіравання заявіла аб закупцы пажарнай тэхнікі з Беларусі на суму 32 млн даляраў. Машыны планавалася купіць у кампаніі, якой валодае Аляксандр Зінгман, ганаровы консул Зімбабвэ ў Беларусі. Міністэрства хацела, каб куплю прафінансавалі мясцовыя саветы. Апазіцыя выступіла супраць здзелкі, назваўшы цэны на машыны завышанымі і абвінаваціўшы ўрад у спробе абыйсці сістэму публічных таргоў. Адзін з рэгіёнаў нават адхіліў распараджэнне аб іх закупцы.