Пасольства ЗША ў Беларусі зрэагавала на фільм з Юрасём Зянковічам

Часовы павераны ў справах пасольства ЗША ў Беларусі Пітэр Каўфман пракаментаваў прапагандысцкі фільм з Юрасём Зянковічам. Зянковіч, які з'яўляецца таксама грамадзянінам ЗША, звярнуўся да Камалы Харыс і Дональда Трампа з просьбай пасадзейнічаць ягонаму вызваленню.

20.09.2024 / 10:28

Юрась Зянковіч. Скрыншот відэа

«Я рашуча асуджаю недапушчальнае адлюстраванне беларускім рэжымам затрыманага грамадзяніна ЗША ў дзяржаўных СМІ ў прапагандысцкіх мэтах і абвяргаю беспадстаўныя заявы, якія прагучалі ў праграме. Гісторыя выкарыстання рэжымам тактыкі прымусу для вытворчасці падобнага кантэнту ставіць пад сумнеў добраахвотны характар ​​удзелу грамадзяніна ЗША», — кажа Пітэр Каўфман.

Па яго словах, Дзяржаўны дэпартамент не мае вышэйшага прыярытэту, чым бяспека грамадзян ЗША за мяжой, «і мы будзем працягваць выступаць за паляпшэнне становішча гэтага затрыманага амерыканца».

«Я паўтараю даўнюю рэкамендацыю ўрада ЗША, што грамадзяне ЗША не павінны ездзіць у Беларусь, а тыя, хто знаходзіцца ў Беларусі, павінны неадкладна з’ехаць з краіны», — дадаў Пітэр Каўфман.

БТ паказала Зянковіча, каб той звярнуўся да Трампа і Харыс з просьбай забраць яго

Nashaniva.com