Сталі вядомыя падрабязнасці жорсткага забойства амерыканскага Z-блогера Бэнтлі ў Данецку

Расійскія следчыя ідэнтыфікавалі трох расійскіх вайскоўцаў, якія закатавалі амерыканца.

20.09.2024 / 09:38

У красавіку 2024 года ў падкантрольным расіянам Данецку прапаў амерыканскі блогер Расэл «Тэхас» Бэнтлі.

Цяпер «База» публікуе падрабязнасці гісторыі ад расійскіх следчых

8 красавіка 2024 года Віталь Вансяцкі, Уладзіслаў Агальцаў і Андрэй Іарданаў збілі да смерці і падверглі катаванням Расэла Бэнтлі. У той жа дзень Вансяцкі і Агальцаў падарвалі аўтамабіль ВАЗ 2115 з яго целам, выкарыстоўваючы трацілавую шашку.

9 красавіка 2024 года па ўказанні Вансяцкага вайсковец той жа вайсковай часці Бажын вывез астанкі Бэнтлі з месца здарэння.

На ўсіх гэтых вайскоўцаў завялі крымінальную справу.

Забітаму Рэсалу Бэнтлі па мянушцы «Тэхас» было 64 гады. Ён родам са штата Тэхас, працаваў там лесарубам.

Мужчына паходзіў з заможнай сям'і, але ва ўзросце каля 30 гадоў разышоўся з блізкімі праз камуністычныя погляды. Таксама ў мінулым ён быў актывістам, які агітаваў за легалізацыю марыхуаны, якой гандляваў, за што атрымаў пяць гадоў турмы.

Пасля першага ўварвання Расіі ва Украіну, мужчына, натхнёны камуністычнай агітацыяй пра «народныя рэспублікі» і «нацысцкую Украіну», паехаў у Данецк. Ён пачаў ваяваць у батальёне «Усход», якім кіраваў перабежчык з СБУ Аляксандр Хадакоўскі. Удзельнічаў у баях за Данецкі аэрапорт.

Праз узрост не змог працягваць удзел у баявых дзеяннях і пакінуў фронт. Аднак з Расіі ён не з'ехаў, ажаніўся з настаўніцай рускай мовы і з вясны 2015 года супрацоўнічаў з расійскімі прапагандыстамі ў якасці ваеннага карэспандэнта.

Бэнтлі знік 8 красавіка 2024 года падчас абстрэлу Данецка. Ён паехаў дапамагаць пацярпелым, але так і не вярнуўся. Пазней была знойдзена яго машына, а ў ёй бейсболка, акуляры і разбіты тэлефон.

Спачатку жонцы сказалі, што ён «здымаў тэхніку для УСУ», але тыя, з кім раней ваяваў Расэл, адшукалі ягоны тэлефон і высветлілі, што ён у гэты дзень нічога не здымаў. 

Расэл Бэнтлі (крайні з правага боку) падчас баёў за Данецкі аэрапорт. Фота з ягонай старонкі «Укантакце»

Nashaniva.com