Сакрэтная служба ЗША ўсур'ёз занялася Іланам Маскам. Усё з-за аднаго твіта

«Магчыма, Маск дайграўся».

20.09.2024 / 08:54

Ілан Маск. Фота: AP

Як паведамляе агенцтва Bloomberg, Сакрэтная служба ЗША распачала расследаванне ў адносінах да мільярдэра Ілана Маска пасля ягонай публікацыі ў Х за 16 верасня, дзе той заявіў, што «ніхто нават не спрабуе забіць Джо Байдэна ці Камалу Харыс». 

Гэты допіс Маск пакінуў у адказ на пытанне аднаго з карыстальнікаў X: «Чаму яны спрабуюць забіць Трампа?». Адбываўся гэты дыялог адразу пасля другой спробы замаху на кандыдата ў прэзідэнты ЗША Дональда Трампа.

Праз некаторы час допіс быў выдалены, але захаваўся скрыншот.

Адказ Ілана Маска на пытанне аднаго з карыстальнікаў X, чаму Трампа хочуць забіць. Мільярдэр з задумленным смайлікам напісаў, што «ніхто нават не спрабуе забіць Джо Байдэна ці Камалу Харыс».

«Пазней Маск выдаліў пост і заявіў, што гэта быў жарт. Але гэта ўжо бачылі дзясяткі мільёнаў людзей, уключаючы Сакрэтную службу. Цяпер ведамства ладзіць спецыяльнае расследаванне каб вызначыць, ці ўяўляе Маск непазбежную пагрозу для аднаго з кандыдатаў у прэзідэнты. Пагрозы прэзідэнту або віцэ-прэзідэнту ЗША (якімі цяпер з'яўляюцца Байдэн і Харыс) — гэта злачынства, якое можа панесці за сабой буйны штраф або пакаранне да пяці гадоў турэмнага зняволення», — адзначае Bloomberg.

Зрэшты, агенцтва дапускае, што хутчэй за ўсё Маск патлумачыць Сакрэтнай службе, што не меў на ўвазе нічога сур'ёзнага ў сваёй публікацыі, і для яго не будзе сур'ёзных наступстваў.

Хто тыя мільярдэры, якія стаяць за Трампам і Харыс?

Ілан Маск: Мяне двойчы спрабавалі забіць за апошнія восем месяцаў

Рамзан Кадыраў працягнуў серыял пра Tesla Cybertruck з кулямётам ад Ілана Маска

Nashaniva.com