У Расіі зноў актывізаваўся падзабыты Анатоль Кашпіроўскі

Як высветліў тэлеканал Shot, галоўны гіпнатызёр позняга СССР пакінуў у мінулым зараджаную ваду, але захапіў з сабой з 90-х чароўную соль.

19.09.2024 / 16:43

Анатоль Кашпіроўскі

Галоўны гіпнатызёр перабудовы, які сцвярджае, што ў свой час вылечыў каля 10 мільёнаў чалавек за шэсць гадзін тэлевізійнага эфіру, пачаў зноў актыўна рэкламаваць свае паслугі і прапаноўваць выратаванне ад усіх бед.

Пры гэтым лячэнне ад сівізны, раку, бясплоднасці і замова на пахуданне праходзяць амаль аднолькава: размовы, а потым — на падлогу, у натоўп прыкладна з 20 чалавек.

Адрозніваюцца толькі фразачкі: каб схуднець, Кашпіроўскі «падмацоўвае нябачныя ключы і ўкручвае гайкі», а каб нармалізаваць біццё сэрца, «дапамагае набраць нябачную вышыню».

На адну з першых сустрэч у Маскве прыйшло каля 300 чалавек.

Адметная працэдура аднаўлення зроку: тут давядзецца хвілін пяць з заплюшчанымі вачыма паслухаць песні Аляксандра Малініна. Калі вы не ведалі, «Ночь светла» дапамагае ад блізарукасці, дальназоркасці і катаракты. Але, каб вылечыцца канчаткова, трэба прайсці чатыры сеансы запар.

Адна такая сустрэча каштуе ад 3500 да 9000 рублёў. Калі ж хто хоча поўнай увагі маэстра, то за індывідуальны прыём давядзецца заплаціць 25 000 рублёў.

Сярод гасцей/пацыентаў — пераважна людзі 40+ з розных рэгіёнаў Расіі і былога СССР. Яны шчыра вераць гіпнатызёру, а білеты выкупляюць загадзя.

Зарабляе 85-гадовы Анатоль Кашпіроўскі і пры дапамозе свайго мерча: прадае чароўную соль, дыскі з сеансамі, кніжкі з афарызмамі, свае фотаздымкі і нават флэшкі з уласнымі песнямі.

Палтэргейст у Барысаве. Містычныя падзеі, якім дагэтуль няма фізічнага тлумачэння

У аб'яве было напісана «ад 6 рублёў», а хлопец аддаў за пераўстаноўку Windows 345 рублёў

«Загіпнатызаваныя» ChatGPT і Bard могуць пераконваць карыстальнікаў плаціць ашуканцам і праязджаць на чырвонае святло

Навукоўцы ўздзеяннем электратоку зрабілі людзей больш падатнымі на гіпноз

Nashaniva.com