Апанент Мадуры пасля выезду з Венесуэлы заявіў, што яго прымусілі прызнаць новага прэзідэнта

У Венесуэле выдалі ордар на арышт Эдмунда Гансалеса паводле абвінавачання ў змове і падробцы дакументаў.

19.09.2024 / 14:47

Лідарка апазіцыі Марыя Карына Мачада і Эдмунда Гансалес звяртаюцца да прыхільнікаў. Фота: AP Photo / Cristian Hernandez

Кандыдат на прэзідэнта Венесуэлы ад апазіцыі Эдмунд Гансалес заявіў, што яго прымусілі прызнаць перамогу Нікаласа Мадуры на выбарах, каб ён мог звярнуцца па прытулак да ўладаў Іспаніі, піша Радыё Свабода.

У сваім відэазвароце Гансалес сказаў, што памочнікі Мадуры прымусілі яго падпісаць ліст, калі ён хаваўся ў амбасадзе Іспаніі ў Каракасе.

«Былі вельмі напружаныя гадзіны прымусу, шантажу і ціску. У той момант я лічыў, што я мог бы быць больш карысным, калі б я быў у турме», — сказаў Эдмунд Гансалес і назваў падпісаны ліст «нікчэмным».

Паводле яго слоў, ліст прынеслі памочнікі Мадуры і наказалі яго «альбо падпісаць, або будуць наступствы».

Пасля атрымання прытулку ў Іспаніі Гансалес назваў сябе «абраным прэзідэнтам мільёнаў і мільёнаў венесуэльцаў, якія прагаласавалі за змены, дэмакратыю і мір» і паабяцаў «выканаць гэты мандат».

У той жа час Хорхэ Радрыгес, кіраўнік Нацыянальнай асамблеі Вэнэсуэлы і ключавы саюзнік Мадуры, сказаў, што Гансалес добраахвотна паставіў свой подпіс пад прызнаннем перамогі свайго апанента.

Хорхэ Радрыгес прапанаваў апанэнту цягам 24 гадзін адмовіцца ад сваіх заяў, а калі гэтага не адбудзецца, то паабяцаў апублікаваць аўдыёзапіс размоў, якія зняпраўдзяць яго абвінавачанні.

«Калі вы падпісалі пад ціскам, як атрымалася, што адна з вашых дачок дагэтуль жыве ў Венесуэле мірна, са сваёй сям’ёй, як звычайныя венесуэльцы? Вэнесуэльцы могуць думаць так ці інакш, і ўсім ім ёсць месца на тэрыторыі Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла. Тут няма месца гвалту і фашызму», — заявіў Хорхэ Радрыгес.

Nashaniva.com