Іранскія хакеры пераслалі крадзеную інфармацыю са штаба Трампа ў штаб Байдэна — ФБР
Усё гэта адбывалася ў чэрвені і ліпені, да таго, як Байдэн зняў сваю кандыдатуру на выбарах, і на яго месца заступіла Камала Харыс.
19.09.2024 / 07:25
Фота: Evan Vucci / AP
Іранскія хакеры скралі інфармацыю ў супрацоўнікаў выбарчага штабу Дональда Трампа і паслалі яе супрацоўнікам штабу Джо Байдэна. Пра гэта ў сераду заявілі ФБР і разведвальныя службы ЗША, піша Бі-бі-сі.
«[Хакеры] з уласнай ініцыятывы паслалі асобам, звязаным у той час з выбарчым штабам прэзідэнта Байдэна, імэйлы з вытрымкай са скрадзенага не прызначанага для публікі матэрыялу са штаба былога прэзідэнта Трампа», — гаворыцца ў супольнай заяве ФБР, офіса дырэктара Нацыянальнай разведкі ЗША і ўпраўлення кібербяспекі і бяспекі інфраструктуры ЗША.
Па наяўных у спецслужбаў даных, ніхто з супрацоўнікаў штаба Байдэна не адказаў на гэтыя лісты.
Усё гэта адбывалася ў чэрвені і ліпені гэтага года, да таго, як Байдэн зняў сваю кандыдатуру на выбарах, і на яго месца заступіла Камала Харыс.
У заяве таксама гаворыцца, што пачынаючы з чэрвеня іранцы дасылалі крадзеную ў штаба Трампа інфармацыю амерыканскай прэсе.
Афіцыйныя асобы ЗША яшчэ ў жніўні заявілі, што Іран перад лістападаўскімі выбарамі прэзідэнта спрабуе ўзмацніць разлад у ЗША і падарваць веру грамадзян у інстытуты дзяржавы. Паводле тых заяваў амерыканскіх уладаў, іранцы спрабавалі атрымаць прамы доступ да штабоў Рэспубліканскай і дэмакратычнай партый, ужываючы, у прыватнасці, метады «сацыяльнага інжынірынгу».
Прэс-сакратар выбарчага штаба Дональда Трампа Кэралайн Лівіт сказала, каментуючы заяву ФБР і разведкі, што яно даказвае, што Іран хоча дапамагчы Камале Харыс і Джо Байдэну.
«Бо яны ведаюць, што прэзідэнт Трамп верне жорсткія санкцыі і будзе супрацьстаяць іх тэрору», — сказала Лівіт.
Дональд Трамп у 2018 годзе, будучы прэзідэнтам, вывеў ЗША з заключанай трыма гадамі раней т.зв. «ядзернай угоды» з Тэгеранам і аднавіў амерыканскія санкцыі супраць Ірана.
Лівіт мяркуе, што Байдэн і Харыс павінны ў агульных рысах апісаць, што за матэрыял быў дасланы іх супрацоўнікам
Прэс-сакратар выбарчага штаба Камалы Харыс Морган Фінкельштэйн запэўнівае, што штаб супрацоўнічаў з праваахоўнымі органамі з таго самага моманту, як даведаўся пра ўзлом.
«Нам не вядома пра які-небудзь матэрыял, дасланы наўпрост штабу. Нешта, якое выглядала як спам або спроба фішынгу, было даслана на асабістыя імэйлы некалькім асобам», — сказала Фінкельштэйн.
Афіцыйны прадстаўнік місіі Ірана ў ААН, адказваючы на пытанне амерыканскай тэлекампаніі CBS аб заяве ФБР і разведак, заявіў: «Іран не мае ні матываў, ні намеру ўмешвацца ў выбары ў ЗША і катэгарычна адхіляе падобныя абвінавачванні».