У Арменіі заявілі пра прадухіленне дзяржаўнага перавароту. Сляды вядуць у Расію
Следчы камітэт Арменіі завёў крымінальную справу ў дачыненні да сямі чалавек за спробу ўзурпацыі ўлады. Трое змоўцаў, як паведамляецца, былі затрыманыя, а чацвёра абвешчаныя ў вышук.
18.09.2024 / 22:04
Камандзір «Армянскага батальёна» Айк Гаспаран з былым уладальнікам ПВК «Вагнер» Яўгенам Прыгожыным
Як сцвярджае армянскі Следчы камітэт, пяць грамадзян Арменіі, два ўраджэнцы Нагорнага Карабаха і яшчэ некалькі неўстаноўленых асоб вербавалі наймітаў у расійскі «Армянскі батальён» (АрБат).
Вайсковую падрыхтоўку яны праходзілі ў Растове-на-Доне, дзе іх, акрамя іншага, нібыта правяралі на ідэалагічную вернасць. Армянская Служба нацыянальнай бяспекі мяркуе, што па першапачатковым плане завербаваныя павінны былі вярнуцца ў Арменію і пачаць дзяржаўны пераварот. Аднак некаторыя з іх адмовіліся ўдзельнічаць у гэтай аперацыі, а іншыя не паспелі «давесці задуму да канца».
Сярод затрыманых нібыта змоўцаў — камандзір карабахскага добраахвотніцкага батальёна «Чорныя пантэры» і ветэран вайны за Нагорны Карабах Сераб Гаспаран.
У сваім тэлеграм-канале «АрБат» называе сваім заснавальнікам Армена Саркісяна. Паводле даных украінскіх СМІ, Саркісян — крымінальны аўтарытэт з Донецкай вобласці па мянушцы «Горлаўскі». Яго называлі арганізатарам «цітушак», якія выступалі супраць Майдана. З 2014 года Саркісян знаходзіцца ў міжнародным вышуку па запыце Украіны.
У 2023 годзе «АрБат» узначаліў былы найміт ПВК «Вагнер», ураджэнец Нагорнага Карабаха Айк Гаспаран. Ён трапіў у «Вагнер» з калоніі строгага рэжыму, дзе адбываў сем гадоў за ўзброенае рабаўніцтва.
Цяпер «АрБат» ваюе ў Курскай вобласці Расіі.
Пашынян: АДКБ стварае пагрозы для бяспекі Арменіі
Арменія выпусціла ў ЗША амерыканца, якога шукаюць у Расіі
Арменія пачынае перамовы з ЕС аб лібералізацыі візавага рэжыму
Пашынян заявіў пра замарозку Арменіяй удзелу ў АДКБ