«Рэжымы заўсёды падаюцца найбольш стабільнымі перад сваім падзеннем». Радаслаў Сікорскі падбадзёрыў беларусаў

18 верасня міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі ўручаў у Варшаве Прэмію салідарнасці імя Леха Валэнсы беларускаму палітыку Паўлу Латушку. Пры гэтай нагодзе «Радыё Свабода» задало яму пытанне, як беларусам не траціць надзеі ў часы, калі рэпрэсіі ў краіне не спыняюцца ўжо некалькі гадоў, а тысячы людзей прызнаныя палітвязнямі ці з'ехалі з краіны.

18.09.2024 / 21:12

«Я сам калісьці быў палітычным уцекачом…, — сказаў Сікорскі. — Сёння на цырымоніі ўручэння Прэміі салідарнасці ў зале было шмат герояў барацьбы з камунізмам у Польшчы, якія ў 1980-я гады ў Польшчы былі інтэрнаваныя і змешчаныя ў турмы камуністычным рэжымам.

У сярэдзіне 80-х здавалася, што справа безнадзейная, а праз 4 гады мы ўбачылі свабодную Польшчу. Рэжымы заўсёды падаюцца найбольш стабільнымі перад сваім падзеннем».

На пытанне, ці лічыць ён, што да зменаў у Беларусі прывядуць змены ў Расіі, Сікорскі адказаў:

«Гэта, вядома ж, дапамагло б. Узгадваецца, як Беларусь атрымала незалежнасць, калі распаўся Савецкі Саюз. Я спадзяюся, што калі Украіна выйграе абарончую вайну з Расіяй, то змены адбудуцца не толькі ў Расіі, але і ў Беларусі».

Польская прэмія салідарнасці імя Леха Валэнсы, якую сёння Сікорскі ўручыў Паўлу Латушку, прысуджаецца МЗС Польшчы за выдатныя заслугі ў прасоўванні і абароне дэмакратыі і грамадзянскіх свабод.

«У Беларусі сітуацыя зменіцца толькі пасля таго, як яна зменіцца ў Расіі» — Радаслаў Сікорскі

Сікорскі расказаў, як прымусіць Пуціна спыніць вайну

Сікорскі пра вызваленне Пачобута: Мы спрабуем розныя ідэі, спадзяюся, адна з іх спрацуе

Nashaniva.com