Палітвязень правёў паўтара года ў СІЗА — вось як ён выглядаў пасля гэтага
Схуднелы твар і пранізлівыя вочы — так выглядае на здымку з калоніі 38-гадовы Арцём Задруцкі, былы палітвязень, які правёў больш за два гады за кратамі за каментар з аднаго слова: «карнік». У зняволенні мужчына застаўся без жонкі — тая проста даслала паперы пра развод, а таксама страціў слых на адно вуха. Расказваем гісторыю, якая хаваецца за фота.
22.09.2024 / 09:00
Фота: архіў суразмоўцы
«Байсол» адкрыў збор для Арцёма — паўдзельнічаць можна тут. Або, калі жадаеце яму дапамагчы, напішыце Арцёму ў інстаграм.
«Пачобут трымаўся стаічна, але выглядаў бледным, вельмі схуднелым і з зялёным тварам»
Усё пачалося з гісторыі Андрэя Зельцэра — айцішніка, які загінуў у сваёй кватэры падчас страляніны з кадэбэшнікамі. Арцём пабачыў відэа страляніны ў чаце вайсковага гарадка ва Уруччы і пакінуў там адно слова — «карнік». На наступны дзень а 10-й гадзіне вечара да яго пагрукаліся сілавікі.
На той час Арцём працаваў 2D-аніматарам, перыядычна займаўся гукарэжысурай. Апошняй сферы ён аддаў 13 гадоў жыцця: згадвае, што працаваў на першых канцэртах гурта Irdorath, а таксама на падпольных выступах Кулінковіча і Вольскага, калі тых забаранілі — Арцёма ўразіла, як людзі збіраліся на канцэрты, каб падтрымаць музыкаў.
Ён згадвае, як пасля свайго затрымання апынуўся ў ізалятары на Акрэсціна:
«Як яно гучыць? Гледзячы па тым, якая цяпер гадзіна. Збольшага гэта лясканне дзвярыма, неадэкватныя вокрыкі наглядчыкаў, ранкам да гэтага дадаецца дзяржаўны гімн. Я на сувязі з хлопцамі, якія ў Беларусі адбываюць хатнюю хімію, і яны кажуць, што на Акрэсціна ўсё тое самае — тыя ж здзекі і перапоўненыя камеры».
Далей Задруцкага перавялі ў жодзінскую турму, дзе першыя два месяцы трымалі без сувязі са знешнім светам — у тым жа рэжыме інкамунікада, праз які цяпер праходзяць вядомыя палітвязні.
«Гэта жудасна, бо для цябе важна мець хоць нейкія вестачкі ад родных, ды і ім складана. Уяўляю, што адбываецца з людзьмі, якія ўжо доўга ў стане інкамунікада — у наваполацкай калоніі гэта Ігар Лосік, Віктар Бабарыка, таксама там быў Анджэй Пачобут. Ведаю ўмовы ПКТ і ШІЗА, дзе яны цяпер — гэта жудасныя ўмовы, проста здзек з чалавека. Людзі, якія адтуль выходзяць, кажуць, што пакідаеш там проста тоны здароўя.
Восенню 2023-га сустракаў Пачобута на прамзоне [ў наваполацкай калоніі], калі яго ненадоўга выпускалі з ШІЗА ў атрад. Збольшага ўсе хлопцы яго падтрымлівалі, спрабавалі гутарыць. Але яго хутка закрылі наноў з фармальных прычын — здаецца, праз адмову ад прыбірання. Ён трымаўся стаічна, але выглядаў бледным, вельмі схудалым і з зялёным тварам. Разумеў, што адбываецца».
Польскія палітыкі часам кажуць, што Анджэй Пачобут не згодны выходзіць на волю з умовай ад’езду з Беларусі. Арцём упэўнены, што ніхто з людзей у тых умовах, у якіх цяпер Пачобут, не адмовіўся б ад вяртання ў нармальнае жыццё, асабліва тыя, хто знаходзіцца ва ўмовах інкамунікада і ПКТ.
«У жодзінскай турме я важыў, думаю, 55 кг з ростам 185 см»
У жодзінскай турме Арцём апынуўся ў тым жа корпусе, дзе ў 2020-м саджалі затрыманых на пратэстах. Гэта былі камеры, перапоўненыя ў два разы, дзе часам адмыслова не адключалі ацяпленне, хаця ў камеры спякотна. Вокны аддзеленыя кратамі, да якіх 60 сантыметраў, і ты не можаш дацягнуцца і адчыніць акно. Вязняў будзілі ўначы, кармілі ежай дрэннай якасці, не аказвалі медычную дапамогу.
Фота: архіў суразмоўцы
На той момант Задруцкі быў жанаты. Яго жонка з’ехала з краіны праз паўтары-два тыдні пасля затрымання мужа, але каля дзевяці месяцаў падтрымлівала кантакт — пісала лісты. А потым жанчына знікла, і Арцёму прыйшла папера аб разводзе. Гэта звычайная сітуацыя для палітвязняў, кажа ён, асабліва тых, у каго цяжкія артыкулы.
Задруцкі кажа, што ўспрыняў такое разбурэнне 12-гадовага шлюбу як здраду. «Чаму яна так зрабіла? Людзі чакаюць і па дзесяць гадоў, калі разумець усю сітуацыю і ўзровень несправядлівасці ў Беларусі… Так што тут, напэўна, гаворка выключна пра свае асабістыя жаданні. Верагодна, так для яе было лягчэй».
Цяжкае фота Арцёма зрабілі пасля яго прыезду ў наваполацкую калонію, пасля паўтара года ў СІЗА. Для мужчыны гэта важны здымак:
«Фота — гэта па сутнасці захаваны кавалачак моманту, гэтым яно і каштоўнае. У гэты момант я выглядаў не вельмі добра, тады я скінуў, можа, 10-15 кг і важыў, думаю, 55 кг з ростам 185 см».
У СІЗА Арцём двойчы аб’яўляў галадоўку, каб дамагчыся дапамогі медыкаў, бо ён цяжка захварэў. Усё пачалося з кавіду — мужчына ўпэўнены, што гэта быў ён, бо тады хварэла надта шмат вязняў. Задруцкі ўспамінае сукамерніка, якога неслі ў санчастку на руках, бо ён не мог хадзіць — меў праблемы з дыханнем.
У Арцёма з’явілася ангіна і паднялася высокая тэмпература, потым распачаўся гаймарыт. Моцна балела галава, у дадатак да ўсяго развіўся кан’юктывіт. Да яго не прыводзілі доктара, колькі б Арцём ні прасіў, і толькі пасля пачатку галадоўкі вырашылі палячыць мужчыну — прапісалі антыбіётык у кропельніцах.
Фота: архіў суразмоўцы
Гэта знішчыла агульнае заражэнне, але вушы і далей часам запаляліся:
«Паступова я пачаў горш чуць, але не надта звяртаў на гэта ўвагу. У сакавіку 2022 года зноў застудзіўся і зразумеў, што практычна нічога не чую на левае вуха — было адчуванне, быццам яно пастаянна закладзенае. Проста нешта здарылася — і слых знік. Цяпер дактары кажуць, што можна паспрабаваць мінімальна палепшыць мой слых, але не атрымаецца яго аднавіць».
«Радуешся кожнаму, хто выйшаў, але разумееш, што кожны дзень саджаюць яшчэ больш людзей. І спадзяешся, што людзі не апусцяць рукі»
Наваполацкая калонія, куды трапіў Задруцкі, не дадавала здароўя:
«Харчаванне там існуе толькі каб падтрымаць арганізм. Вельмі шмат сапсаваных прадуктаў, цвілыя таматы — гэта норма. Таксама там максімальна выкарыстоўваюць тваю працу. Проста ізаляцыя і выкарыстоўванне нявольніцкай працы, тваіх сіл, магчымасцей і здароўя, каб скалечыць цябе і максімальна выціснуць з цябе ўсё нармальнае, пакінуць толькі жаданне ціхенька працягнуць выжываць.
Там дагэтуль ідзе чорны «снег» ад таго, што паляць драты і ўсё гэта ўзнімаецца ў паветра — праўда, ужо не так моцна, як раней. Але там ты пастаянна дыхаеш дымам ад смаленай пластмасы. Таксама ля калоніі ёсць заводы «Нафтан» і «Палімір», яны таксама дадаюць сваіх пахаў і шарму. Калі прыехаў туды, адразу адчуў пах алівы ў паветры, і ён цябе там пераследуе пастаянна».
Ля калоніі, успамінае былы вязень, знаходзяцца трубы, па якіх праходзяць нафтапрадукты, і часам яны пачынаюць гучна працаваць. Стаіць моцны шум, нібыта ты знаходзішся каля авіяцыйнага рухавіка, не можаш нармальна гаварыць і мусіш яго перакрыкваць. Арцёму як гукарэжысёру здавалася, што шум даходзіць недзе да 150 дэцыбел, і ён не знікае ні ўдзень, ні ўначы.
Задруцкі марыў, калі выйдзе на волю, абняць родных, пабачыць котку і хутка з’ехаць. Першая спроба эвакуявацца не атрымалася: беларус хацеў без дапамогі трапіць у Грузію з Расіі, але яго не выпусцілі. Але ж з дапамогай спецыялістаў атрымалася выехаць з Беларусі.
Цяпер Задруцкі жыве пад Варшавай і чакае міжнародную абарону. Ён плануе вучыцца і займацца далей анімацыяй, а гукарэжысура, лічыць Арцём, для яго наўрад ці магчымая зараз.
Сябе ён адчувае чалавекам, які пачынае жыццё з нуля:
«Калі табе амаль 40, гэта дзіўнае адчуванне, бо ты ўжо нечага дасягнуў у Беларусі. У гэтым узросце пачынаць з нуля маральна больш цяжка, але робіш тое, што трэба, і ўсё. Пры гэтым не забываеш, што быў у турме, і памятаеш людзей, якія там знаходзіліся. Радуешся кожнаму, хто выйшаў, але разумееш, што кожны дзень саджаюць яшчэ больш людзей. І спадзяешся, што людзі не апусцяць рукі».
Як выглядае 46-гадовы юрыст Юрась Зянковіч праз тры з паловай гады зняволення ў беларускай турме
«Проста заліваешся слязьмі і думаеш: за што?» Ірына Шчасная і яе чатыры балючыя гады за кратамі