У Расіі вайсковыя вучылішчы не могуць набраць курсы. Няма ахвотных

«Трэба абвяшчаць франтавыя наборы. Трэба ездзіць па Сібіры і Каўказе», — заклікае ваенкар Аляксандр Сладкоў.

18.09.2024 / 14:03

Кадэты вайскова-марскога вучылішча. Кранштат. 21 мая 2022 года. Фота: AP Photo / Dmitri Lovetsky

Сітуацыю з наборам у вайсковыя вучылішчы пракаментаваў у сваім тэлеграм-канале расійскі ваенкар Аляксандр Сладкоў. Паводле яго слоў, у адной з «праслаўленых вайсковых вучэльняў», дзе раней конкурс складаў 20 чалавек на месца, сёлета на адно месца прэтэндавала ўсяго 0,8 чалавека.

«На факультэт падрыхтоўкі прапаршчыкаў набралі 30 курсантаў з патрэбных 100. Гэта ж крах! Прафесія вайскоўца, нягледзячы на сацыяльныя льготы, грашовае забеспячэнне і вайсковую іпатэку, хутка страціла сваю прывабнасць», — адзначае Сладкоў.

Больш за тое, тыя, хто паступіў, «масава падаюць рапарты з просьбай аб адлічэнні і вяртанні дадому». Ваенкар падкрэслівае, што такіх курсантаў выклікаюць на нарады, дзе «слёзна просяць застацца».

«Якіх камандзіраў мы хочам выгадаваць з гэтых людзей? Пра якія будучыя перамогі можа ісці гаворка? З кім мы будзем ваяваць?»

— задаецца пытаннямі Сладкоў. І дадае:

«Нам больш не патрэбныя тупыя, але адданыя. Мы ўжо трэці год ваюем з такімі. Нам патрэбныя свядома адданыя Радзіме інтэлектуалы і разумнікі».

Як выхад з сітуацыі, Сладкоў прапануе:

«Трэба абвяшчаць франтавыя наборы ў вайсковыя вучэльні. Трэба ездзіць па Сібіры і Каўказе, самім набіраць пацаноў у афіцэры».

Ваенкар выказвае абурэнне наконт слабога патрыятычнага выхавання:

«Дзе Юнармія? Куды знікаюць выпускнікі гэтай праслаўленай, апетай ранейшым кіраўніцтвам Мінабароны арганізацыі? Гэта ж павінен быць наш юны рэзерв кадраў!»

Сладкоў таксама прапануе прызначаць начальнікамі вучылішчаў «спрактыкаваных, сапраўды баявых камандзіраў, якія прайшлі праз войны і прапахлі порахам».

Паводле яго слоў, гэта трэба рабіць, «каб кіраўніцтву Мінабароны РФ не было сорамна глядзець астатнім у вочы за гэтых начальнікаў вучылішчаў». 

Расія рыхтуецца задзейнічаць у вайне супраць Украіны непаўналетніх? 

Пуцін можа мабілізаваць на вайну Узброеныя сілы Беларусі — Фрыдман

Расія з-за вайны ва Украіне зняла амаль усе войскі са сваёй самай працяглай мяжы з НАТА

Nashaniva.com