Мінскаму блогеру, які рабіў агляды на крамы, далі два гады хіміі
Суд Цэнтральнага раёна Мінска прысудзіў мужчыну, які рабіў агляды на крамы, да двух гадоў хіміі. Яго судзілі паводле артыкула аб распаўсюдзе персанальных звестак (частка 1 і частка 2 артыкула 203-1 КК), паведамляе прэс-служба пракуратуры.
18.09.2024 / 12:21
Ілюстрацыйнае фота
Паводле матэрыялаў справы абвінавачаны ў кастрычніку 2023 года зняў на відэа краму і яе супрацоўнікаў. Падставай сталі парушэнні ў працы адной з крамаў буйной гандлёвай сеткі.
Без згоды супрацоўніцы, паводле пракуратуры, ён размясціў яе персанальныя звесткі — фота– і відэа з месца працы, а таксама прозвішча і ініцыялы пацярпелай, «суправадзіўшы абразлівымі каментарамі».
Пра сутнасць канфлікту ў краме нічога не вядома, але, імаверна, паводзіны прадавачкі выклікалі абурэнне ў гледачоў. Бо «аператар крамы ў імгненне набыла нежаданую ўвагу да сваёй персоны: ролік з яе ўдзелам знаходзіўся ў топе прагляданых відэа. Жанчына сутыкнулася з абразамі ад незнаёмых мінакоў. Акрамя таго, 11-гадовая дачка мінчанкі падвергнулася булінгу ў школе ад сваіх аднагодкаў. Падлеткі абзывалі маму дзяўчынкі, паказваючы непрыемны пост».
На судзе мінчук прызнаў сваю віну, патлумачыўшы, што такім чынам зафіксаваў парушэнні ў працы гандлёвай сеткі.
Блогеру было прызначана пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін 2 гады са штрафам у памеры 300 базавых велічынь (12 тысяч рублёў).