Пракуратура запатрабавала ад «Яндэкс Музыкі» выдаліць песні гурта Tor Band
Па патрабаванні пракуратуры Гомельскага раёна з «Яндэкс Музыкі» выдалілі са стрымінгу песні гурта Tor Band, а таксама кантэнт «Маланка Медыя», паведамляе прэс-служба Генпракуратуры.
18.09.2024 / 10:06
Беларускія ўлады прызналі музычныя кампазіцыі гурта «TOR BAND», а таксама кантэнт суполкі «Маланка Медыя» «экстрэмісцкімі матэрыяламі». У Беларусі экстрэмісцкімі матэрыяламі абвяшчаюць кантэнт палітычных сапернікаў рэжыму Лукашэнкі.
У кастрычніку 2023 года музыкаў Tor Band прысудзілі да вялізных тэрмінаў калоніі. Іх абвінавацілі ў распальванні варожасці, стварэнні экстрэмісцкага фарміравання, дыскрэдытацыі Беларусі і абразе Аляксандра Лукашэнкі.
Зміцер Галавач атрымаў 9 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Яўген Бурло — 8 гадоў, Андрэй Ярэмчык — 7,5 гады калоніі.