Коля Лукашэнка сыграў на раялі на «Дні народнага адзінства». Яго тата перад гэтым прыгразіў Трэцяй сусветнай вайной

Малодшы сын Аляксандра Лукашэнкі сыграў партыю на раялі перад сабранымі на «Мінск-Арэне» з нагоды «Дня народнага адзінства» прыхільнікамі ўлады. 

17.09.2024 / 19:39

Скрыншот з відэа

Выступленне Колі Лукашэнкі працягвалася 6 хвілін і было заяўлена ў рамках праграмы «Славянскае сузор'е», падрыхтаванай выкладчыцай кафедры спецыяльнага фартэпіяна Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Аленай Асташкінай-Мысліўчык. 

@nashaniva Коля Лукашэнка іграе на раялі #лукашенко #колялукашенко #колялукашенкокраш #минск #17сентября #белорусы #беларусьновости ♬ оригинальный звук - Наша Ніва. Навіны

Сама Алена Асташкіна-Мысліўчык, ураджэнка ўкраінскага Закарпацця, іграла на другім раялі. Акампаніраваў ім Прэзідэнцкі аркестр.

Пафаснаму канцэрту папярэднічала доўгая прамова Аляксандра Лукашэнкі, у якой ён страшыў беларускі народ і краіны Захаду Трэцяй сусветнай вайной.

Асобна Аляксандр Лукашэнка засцярог Украіну ад збіцця расійскіх шахедаў над тэрыторыяй Беларусі. І патлумачыў, чаму ў Беларусі маўчаць, што яны лётаюць праз яе туды-сюды.

«Павінен вам адкрыта заявіць: мы дамовіліся па каналах з украінцамі, што мы не будзем у СМІ падсвятляць факты залёту беспілотнікаў, і расейскіх і ўкраінскіх, на нашу тэрыторыю», — заявіў Лукашэнка.

Пры гэтым ён абвінаваціў ЗША ў тым, што яны загадалі Кіеву, калі складуцца абставіны, атакаваць нашу інфраструктуру па паўднёвай мяжы.

«Я хачу спытаць у амерыканцаў: вы міру хочаце, мірных перамоваў ці эскалацыі сітуацыі? Я нездарма гэта пытаюся. Таму што яны апошнім часам вельмі часта намякалі пра перамовы. І нават высунулі ўмову. Мы пагадзіліся. А як тады гэта разумець?»

«Мы ведаем пра ўсе іх задумы, і нічога ў іх не атрымаецца», — заявіў Лукашэнка.

На думку Лукашэнкі, ягоны галоўны саюзнік, пуцінская Расія, здолее адкінуць украінскія войскі з Курскай вобласці.

«Хачу папярэдзіць нашых праціўнікаў, нашых супернікаў. І тых, хто не разумее яшчэ. Не трэба гэта рабіць. Напад на Беларусь — гэта Трэцяя сусветная вайна», — заявіў Лукашэнка.

А каб хто раптам не падумаў, што гэта проста словы, ён яшчэ падмацаваў сваю грозную рыторыку: 

«Я ўжо казаў: беларускую міралюбнасць не варта разумець і прымаць за слабасць. Калі я кажу пра гэта, вы не падумайце, што я блефую або згушчаю фарбы. Не. Як ніколі раней нам ёсць чым адказаць».

Лукашэнка патлумачыў, чаму ў Беларусі маўчаць, што праз яе туды-сюды лётаюць расійскія шахеды

Лукашэнка: Напад на Беларусь — гэта Трэцяя сусветная вайна, я не блефую

Рэжым Лукашэнкі дапусціў свой удзел у другім мірным саміце па Украіне. Але пры адной умове

Nashaniva.com