Лукашэнка патлумачыў, чаму ў Беларусі маўчаць, што праз яе туды-сюды лётаюць расійскія шахеды
Паводле слоў Лукашэнкі, амерыканцы нібыта намаўляюць Кіеў пры спрыяльных абставінах атакаваць беларускую памежную інфраструктуру, але яму ўдалося прыйсці з украінцамі да нечаканага паразумення.
17.09.2024 / 19:19
«Павінен вам адкрыта заявіць: Мы дамовіліся па каналах з украінцамі, што мы не будзем у СМІ падсвятляць факты залёту беспілотнікаў, і расійскіх і ўкраінскіх, на нашу тэрыторыю», — заявіў Лукашэнка на зборы сваіх прыхільнікаў, прысвечаным так званаму «Дню народнага адзінства».
Пры гэтым ён абвінаваціў ЗША ў тым, што яны, маўляў, наказалі Кіеву, калі складуцца абставіны, атакаваць нашу інфраструктуру па паўднёвай мяжы:
«Я хачу спытаць у амерыканцаў: вы міру хочаце, мірных перамоў ці эскалацыі сітуацыі? Я нездарма гэта пытаюся. Таму што яны апошнім часам вельмі часта намякалі пра перамовы. І нават выставілі ўмову. Мы пагадзіліся. А як тады гэта разумець?»
Пры гэтым Лукашэнка таксама падзяліўся сваімі страхамі адносна таго, што яго могуць выключыць з будучых мірных перамоў, і што на гэта, аказваецца, маюць уплыў беларускія дэмакратычныя сілы:
«Ім не церпіцца вывесці з арэны палітычных дзеянняў прэзідэнта Беларусі. Літва, як гэта было напярэдадні або ў першыя дні спецыяльнай ваеннай аперацыі Расіі ва Украіне, ініцыюе ў Міжнародным крымінальным судзе ў Гаазе разгляд беларускага пытання. Мэта — прыцягнуць прэзідэнта Беларусі да адказнасці і выключыць яго з парадку дня. Як яны пішуць, каб прэзідэнт Беларусі, калі пачнуцца мірныя перамовы ва Украіне, не змог браць удзел у гэтых перамовах».
Пры гэтай нагодзе ён даслаў сваім апанентам пагрозы:
«Я хачу, каб яны пачулі сёння, з гэтай высокай трыбуны, мы ведаем пра ўсе задумы. І нічога ў іх не атрымаецца. Яны не змогуць яшчэ раз паўтарыць тое, што было ў 2020 годзе. Мы — людзі, якія ўмеюць здабываць урокі з мінулага».
Лукашэнка: Напад на Беларусь — гэта Трэцяя сусветная вайна, я не блефую
Рэжым Лукашэнкі дапусціў свой удзел у другім мірным саміце па Украіне. Але пры адной умове
Вызваленнем новай групы палітвязняў Лукашэнка пасылае яшчэ адзін сігнал. Каму і навошта?