Партугалія ў агні: краіну ахапілі лясныя пажары

Еўропа спяшаецца на дапамогу.

17.09.2024 / 15:03

Фота: Bruno Fonseca / AP

Дажджлівая вясна і пачатак лета не выратавалі Партугалію ад лясных пажараў — сезон пачаўся пазней, чым звычайна, але з падвоенай сілай. У панядзелак быў адкрыты рахунак чалавечым ахвярам, і іншыя краіны Еўропы адправіліся дапамагаць Партугаліі змагацца са стыхіяй. У аўторак сітуацыя не палепшылася, піша Бі-бі-сі.

У краіне бушуюць больш за 140 пажараў. Для іх тушэння задзейнічаны 19 самалётаў, верталётаў і дронаў, амаль 900 адзінак наземнай тэхнікі і каля 3000 чалавек.

Галоўныя ачагі — на поўначы і ў цэнтры краіны. У раёне Авейру палае асабліва моцна. З-за гэтых пажараў у панядзелак закрылі галоўную аўтадарогу паміж Порту і Лісабонам.

Паводле апошніх звестак уладаў, два чалавекі загінулі пры тушэнні, больш за дзясятак пацярпелі. З некалькіх вёсак эвакуявана насельніцтва.

Пажары не рэдкасць у Партугаліі і Іспаніі, аднак навукоўцы адзначаюць, што змяненне клімату робіць іх больш маштабнымі і непрадказальнымі.

Мінулае лета ў Еўропе выдалася самым гарачым у гісторыі, як і ў цэлым на планеце. Гэты год напэўна акажацца самым цёплым у гісторыі чалавецтва, што зробіць апошняе дзесяцігоддзе рэкордна гарачым за ўвесь час назіранняў і пацвердзіць тэндэнцыю маштабнага награвання планеты, у якім вінавата чалавецтва.

Змяненне клімату разгойдвае «арэлі» надвор'я, што прыводзіць да ўзмацнення маштабаў і частоты прыродных катаклізмаў. Пакуль у Партугаліі гараць лясы, Цэнтральную Еўропу затапляе.

Для дапамогі ў тушэнні пажараў Еўропа даслала Партугаліі 8 самалётаў.

«Мы тэрмінова мабілізуем 8 пажарных самалётаў, — паведаміла кіраўніца Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен. — Я дзякую Францыі, Грэцыі, Італіі і Іспаніі за тое, як хутка яны адгукнуліся. Вось яна, еўрапейская салідарнасць у яе лепшай праяве».

На найбліжэйшыя дні сіноптыкі абяцаюць Партугаліі захаванне гарачага і сухога надвор'я.

Пажары не сціхнуць, папярэдзілі ўлады краіны і ўвялі рэжым павышанай небяспекі на ўсёй тэрыторыі краіны да канца дня 19 верасня, «улічваючы прагноз надвор'я на бліжэйшыя некалькі дзён, які паказвае на значна ўзрастаючую рызыку лясных пажараў».

Nashaniva.com