Мяжу Латвіі з боку Беларусі перасек неапазнаны лятаючы аб'ект, былі паднятыя знішчальнікі НАТА 

У аўторак, каля 9 гадзін раніцы, Паветраныя сілы Латвіі зафіксавалі непадалёк ад дзяржаўнай мяжы з Беларуссю неапазнаны лятаючы аб'ект, які наблізіўся да латвійска-беларускай мяжы і перасёк яе на тэрыторыі Краслаўскага краю, піша Delfi.lv.

17.09.2024 / 13:55

Для агляду гэтага рэгіёну ў паветра былі паднятыя знішчальнікі місіі НАТА ў патруляванні паветранай прасторы з вайсковай базы ў Ліелвардзе. У латвійскай паветранай прасторы падазроных аб'ектаў выяўлена не было. Самалёты НАТА вярнуліся на месца сваёй дыслакацыі.

Аб тым, што адбылося, былі праінфармаваныя кіраўнікі самакіраванняў Латгальскага планіровачнага рэгіёну.

Раней паведамлялася, што нацыянальныя ўзброеныя сілы (НУС) Латвіі дадаткова ўзмацнілі магчымасці супрацьпаветранай абароны на ўсходняй мяжы, адправіўшы туды дадатковыя падраздзяленні. Латвія працягвае забяспечваць абарону знешніх межаў Еўрапейскага Саюза і НАТА.

Nashaniva.com