БТ збіраецца запусціць яшчэ адзін канал — з прапагандай на англійскай мове

«Першы інфармацыйны» толькі запусціўся, а ў Івана Эйсманта ўжо новыя напалеонаўскія планы.

17.09.2024 / 12:40

Іван Эйсмант. Скрыншот відэа

Белтэлерадыёкампанія збіраецца запусціць яшчэ адзін канал — гэтым разам на англійскай мове, расказаў кіраўнік БТРК Іван Эйсмант.

Праект можа быць рэалізаваны на базе «Беларусь 24» — спадарожнікавага канала, які быў створаны для вяшчання за мяжу, — піша Tocka.by.

«Мы ў гэтым кірунку толькі пачалі рухацца: адкрыццё на базе «Беларусь 24» англамоўнага тэлеканала, [у планах] адаптаваць той грамадска-палітычны матэрыял, які ў нас ёсць. Цяпер сучасныя тэхналогіі дазваляюць гэта вельмі хутка рабіць», — заявіў Эйсмант.

«Беларусь 24» транслюе навінавыя блокі і салянку з дзяржаўнай прапаганды з іншых каналаў. Частка выпускаў навін на «Беларусь 24» мае інфармацыйныя радкі на англійскай і польскай мовах, але Эйсмант хоча стварыць паўнавартаснае англамоўнае вяшчанне.

«Рабіць навіны на англійскай мове і тады тэлеканал падымаць праз спадарожнік на ўвесь астатні свет — гэта было б разумна», — лічыць кіраўнік БГТРК. Канкрэтных тэрмінаў запуску новага канала ён, праўда, не называе.

17 верасня БТ запусціла «Першы інфармацыйны». Яго эфірную сетку, акрамя навінавых выпускаў, запоўнілі праграмамі з іншых тэлеканалаў БТРК.

Nashaniva.com