Пападае не толькі ў кроў, а і ў яечкі. Упакоўка з перапрацаванай паперы можа быць больш небяспечнай за пластыкавую
Навукоўцы высветлілі, колькі хімічных рэчываў трапляе ў наш арганізм з розных відаў упакоўкі, і даюць рэкамендацыі.
22.09.2024 / 08:00
Фота: naghiyev078357577 / vecteezy.com
Навукоўцы ўжо шмат гадоў ведаюць, што хімічныя рэчывы могуць трапляць з упакоўкі харчавання непасрэдна ў ежу, а з ёй і ў арганізм чалавека. Шкодныя рэчывы знайшлі не толькі ў крыві і валасах, але і ў яечках мужчын.
Як піша The Washington Post, навукоўцы з Швейцарыі і іншых краін правялі даследаванне хімічнай нагрузкі ўпакоўкі прадуктаў на арганізм чалавека. Вынікі паказалі, што з прыкладна 14 тысяч вядомых хімічных рэчываў, якія ў ёй утрымліваюцца, у арганізм трапляе каля 25% (3601 від).
Да такіх шкодных рэчываў адносяцца металы, лятучыя арганічныя злучэнні, ПФАС (пер– і паліфтаралкільныя злучэнні), фталаты і шмат якія іншыя.
Навукоўцы адзначаюць, што высокія тэмпературы могуць прывесці да хутчэйшага пападання хімічных рэчываў у ежу, таму рэкамендуюць пазбягаць разагравання ежы ў мікрахвалёўцы ў кантэйнерах.
Прадукты з высокім утрыманнем тлушчу або кіслотнасцю (напрыклад, таматныя соусы, сок, газаваныя напоі, цытрусавыя) таксама маюць тэндэнцыю паглынаць больш хімічных рэчываў з упакоўкі, як і прадукты, якія ўпакаваны ў кантэйнеры меншага памеру. Спецыялісты тлумачаць — чым цяснейшы кантэйнер, тым больш кантакту ён мае з ежай унутры.
Па словах адной з аўтараў даследавання, галоўнага навуковага супрацоўніка Форуму па ўпакоўцы харчовых прадуктаў Джэйн Манке (Jane Muncke), хоць большасць шкодных рэчываў трапляе ў арганізм з пластыкавай упакоўкі, найбольшую небяспеку ўяўляюць перапрацаваныя папера і кардон.
Яна адзначае, што гэта можа быць нечакана для многіх, бо звычайна лічыцца, што перапрацаваныя матэрыялы больш экалагічныя. Аднак у такой паперы і кардоне могуць застацца рэшткі чарніла, клею іншых рэчываў, што выкарыстоўваліся ў макулатуры. Яны змешваюцца з прадуктамі, што павялічвае рызыку іх пападання ў арганізм.
Вучоныя спадзяюцца, што іх даследаванне зверне ўвагу грамадскасці і вытворцаў на неабходнасць больш стараннага даследавання ўпакоўкі і правіл абыходжання з ёй. Гэта дазволіць зменшыць уздзеянне шкодных рэчываў на людзей і палепшыць здароўе насельніцтва.
Упакоўка ад ежы і напояў на вынас — асноўная крыніца пластыкавага смецця ў акіяне
«Аднаразовы посуд і пакеты — найвялікшае зло». Як у Беларусі змагаюцца з пластыкам ФОТЫ
У БДУ распрацавалі ядомую абгортку для цукерак