​Арнольд Шварцэнэгер стане нямецкім доктарам

Легендарны кінаакцёр, бодзібілдар і былы губернатар штата Каліфорнія едзе ў сталіцу Германіі, каб асабіста прыняць ганаровую ступень Honoris Causa ў прыватным Берлінскім універсітэце Hertie School.

17.09.2024 / 12:09

Арнольд Шварцэнэгер. Фота: AP Photo/Damian Dovargane

Гэтая навучальная ўстанова рыхтуе спецыялістаў па грамадскай палітыцы, у тым ліку для працы на дзяржаўных пасадах і ў бізнэсе. 77-гадовы Шварцэнэгер стане ганаровым доктарам за свае заслугі па абароне навакольнага асяроддзя і захаванні экалагічнай раўнавагі, паведамляе тэлеграм-канал «Што там у немцаў».

Як заявіла кіраўнік універсітэта Карнэлія Уол, ганаровы тытул — гэта прызнанне перадавой дзейнасці Шварцэнэгера, які ставіў у аснову палітычны ўдзел у экаабароне і навукова абгрунтаваныя рашэнні, незалежныя ад партыйных установак.

«Яго прыхільнасць ахове прыроды, сувязь з грамадзянскай супольнасцю і яго наватарская палітыка аказваюць вялікі ўплыў на глабальную дыскусію аб змяненні клімату і па гэты дзень», — адзначыла Уол.

Падзея будзе значнай не толькі для Берліна, але і для ўсёй Германіі.

Цырымонію ўручэння ганаровай ступені Шварцэнэгеру наведае і нават выступіць там з прамовай віцэ-канцлер ФРГ, міністр эканомікі і абароны клімату, а таксама сустаршыня партыі «Зялёныя» Роберт Хабек.

Hertie School — англамоўная ўстанова, але, вядома ж, вельмі цікава, ці скажа экс-губернатар Каліфорніі, які нарадзіўся ў Аўстрыі, што-небудзь па-нямецку? 

Шварцэнэгер набыў асаблівую вядомасць не толькі як акцёр і палітык, але і сваёй ангажаванасцю ў барацьбе супраць змены клімату. Сярод іншага, ён заснаваў Міжнародную арганізацыю Schwarzenegger Climate Initiative, якая падтрымлівае экапраекты па ўсім свеце.

«Я крыху больш стаў машынай». Арнольду Шварцэнэгеру паставілі кардыястымулятар

Арнольд Шварцэнэгер пакарміў сваю асліцу Лулу ў жывым эфіры спартыўнага шоу

У мюнхенскім аэрапорце затрымалі Арнольда Шварцэнэгера

Nashaniva.com