WSJ: Сумарныя страты Расіі і Украіны дасягнулі мільёна чалавек
Ацаніць страты складана: ні той, ні другі бок не публікуюць афіцыйных звестак.
17.09.2024 / 11:21
Фота: Rodrigo Abd / AP
Колькасць забітых і параненых падчас расійска-ўкраінскай вайны дасягнула мільёна чалавек, піша «Медуза» са спасылкай The Wall Street Journal, якая ў сваю чаргу абапіраецца на ўкраінскія крыніцы і звесткі заходняй разведкі.
Паводле ўкраінскіх ацэнак, ва УСУ колькасць загінулых склала 80 тысяч вайскоўцаў, а параненых — 400 тысяч. Звесткі пра страты расійскай арміі адрозніваюцца; паводле некаторых ацэнак, колькасць загінулых вайскоўцаў дасягае 200 тысяч чалавек, параненых — таксама блізу 400 тысяч. Выданне асобна адзначае, што ацаніць страты складана: ні той, ні другі бок не публікуюць афіцыйных звестак.
The Wall Street Journal называе вялікую колькасць страт праблемай для Расіі, але адзначае, што прыкладна тыя ж лічбы з украінскага боку прыводзяць да значна большай шкоды ў сілу таго, што насельніцтва Украіны ў разы меншае.
Акрамя таго, як піша WSJ, вялікія страты будуць мець доўгатэрміновыя наступствы для абедзвюх краін, якія да пачатку вайны змагаліся са скарачэннем насельніцтва, звязаным галоўным чынам з эканамічнымі і сацыяльнымі ўзрушэннямі.
У Расіі падлік страт вядуць «Медыязона» і Руская служба Бі-бі-сі, якія збіраюць інфармацыю аб загінулых па адкрытых крыніцах. Паводле апошніх звестак, колькасць загінулых расійскіх вайскоўцаў амаль дасягнула 70 тысяч чалавек. Пры гэтым рэальныя лічбы, як неаднаразова адзначалі журналісты, могуць быць у два-тры разы вышэйшыя, паколькі ў адкрытых крыніцах ёсць далёка не ўся інфармацыя аб загінулых.
Па сумеснай ацэнцы «Медузы» і «Медыязоны» на ліпень 2024 года, заснаванай на дадзеных рэестра спадчынных спраў, з 2022 года ва Украіне загінулі не менш за 120 тысяч расійскіх вайскоўцаў.