Зляпілі з таго, што ўжо было: пачаў працу новы тэлеканал — «Першы інфармацыйны»
«Першы інфармацыйны» канал запрацаваў ад раніцы 17 верасня. Паглядзелі, што ж прапануе гледачам праект, «падобнага якому па ўзроўні і задумцы ў нацыянальнай медыяпрасторы не было». Спойлер: усё прадказальна сумна.
17.09.2024 / 07:00
Дарэчы, трэба адзначыць, наколькі ж зацыкленыя лукашэнкаўскія ідэолагі на слове «першы». Так называецца крама «яго» мерчу, а на БТ пра галоўныя падзеі ў жыцці палітыка за тыдзень расказваюць у рубрыцы «Час першага». Улічваючы гэты факт, нядзіўна, што тэлевізіёншчыкі не вельмі імкнуліся быць арыгінальнымі, абіраючы назву новага канала.
Піярылі «Першы інфармацыйны» канал даволі актыўна. Пачынаючы з білбордаў на беларускіх вуліцах і заканчваючы інстаграмамі прапагандыстаў.
Скрыншот Лідзіі Заблоцкай
Іван Эйсмант хваліўся, што новы канал стане першым кругласутачным інфармацыйным тэлеканалам у складзе Белтэлерадыёкампаніі.
Але падобна, што эфірную сетку «ўнікальнага» канала забівалі па прынцыпу «зляпілі, з таго, што было». Напрыклад, запоўніць эфір вырашылі перадачамі Ксеніі Лебедзевай «Гэта іншае» — іх за першы тыдзень пакажуць ажно 9 разоў. Роўна столькі ж разоў гледачы пабачаць «На кантролі прэзідэнта».
Розныя варыянты «Зоны Х» у эфіры будуць 33 разы за першыя 6 дзён вяшчання, «Сфера інтарэсаў» — 17 разоў, «Галоўны эфір» — 5 разоў, «Таямніцы следства», «Панарама», «Спорт-кадр» — па 4 разы. На «Першы інфармацыйны» закінулі нават праграму «100 пытанняў даросламу» — шоу, у якім дзеці агучваюць загадзя вывучаныя пытанні розным персанажам.
Аснову сеткі будуць складаць навіны — выпускаў па розных сферах запланавана ажно 119. Таксама пакажуць 26 «Аўтарскіх поглядаў», 25 «Спецыяльных рэпартажаў», 17 «Актуальных інтэрв’ю», 8 «Меркаванняў». Ну і без «Зразумелай палітыкі» нікуды — дзівосы, якія адбываюцца ў Беларусі, паспрабуюць неяк растлумачыць у 6 выпусках.
Кіраўніцтва Белтэлерадыёкампаніі называе ўнікальнымі рубрыкі і праекты пад назвай «Факты», «Актуальна», «Метадата», «Простая мова».
Фактычна гэта амаль усе тыя самыя праграмы, што ўжо існавалі ў Белтэлерадыёкампаніі, проста цяпер іх будуць дубляваць на яшчэ адну кнопку.
Запланавана таксама паказаць 17 дакументальных фільмаў і 11 тэлефільмаў. Двойчы на суткі ў эфіры будзе гучаць гімн.
Вядучы БТ расказаў, як яго не хацелі пускаць у Парыж на Алімпіяду. Але ён перамог
На БТ запусцілі шоу «Добры вечар!» Госця першага выпуску — зорка расійскага шансона Віка Цыганова
Маркаў заклікаў замясціць YouTube, Telegram, Instagram і TikTok беларуска-расійскімі сацсеткамі
Марат Маркаў: ДзяржСМІ вызваліліся ад людзей з «ідэалагічнай разгубленасцю»