У Празе знайшлі невядомыя раней фрагменты Бібліі Скарыны

Краязнавец і даследчык з Бярозы Сяргей Кнырэвіч, які працяглы час жыве ў Чэхіі, падзяліўся архіўнай знаходкай у суполцы «Францыск Скарына і 500-годдзе беларускага кнігадрукавання», піша Bellit.info.

16.09.2024 / 14:04

«Сёння ў Празе ўдалося знайсці 14 двухаркушавых (4-старонкавых) фрагментаў пражскай кнігі Быцця (Францыска Скарыны — Bellit.info). Гаворка ідзе пра 5-ы сшытак (аркушы ЛЕ, ЛS, ЛЗ, ЛИ), то бок гэта поўны друкаваны аркуш. Паўсшытак складаецца з двух несфальцаваных двухаркушаў (ЛЕ-ЛЕадв-ЛИ-ЛИадв і ЛS-ЛSадв-ЛЗадв-ЛЗ). Абодва двухаркушы ў сямі экзэмплярах. Аркушы знойдзеныя ў вокладцы невядомай кнігі», — піша даследчык і дадае, што гэтыя фрагменты не былі дагэтуль апісаныя ў скарыназнаўчай літаратуры.

Цяпер Сяргей Кнырэвіч плануе заняцца пошукам кнігі, у якой знайшлі гэтыя фрагменты, а таксама ўладальніка гэтай кнігі ці майстра, які рабіў вокладку для яе.

Nashaniva.com