«Пыталіся, чаму я не стаў шукаць працу ў Расіі, а з'ехаў на Захад»: беларуса адправілі «на размову» ў аэрапорце Масквы

Беларуса, якія ляцеў на радзіму праз Маскву, адправілі ў аэрапорце на допыт і скачалі змесціва тэлеграма.

16.09.2024 / 09:59

Мужчына з'ехаў з Беларусі на Захад пасля 2020 года. Тое рашэнне было не палітычным: проста з'явілася магчымасць жыць і працаваць у іншай краіне за большыя грошы.

У 2024 годзе мужчына ўпершыню вырашыў паехаць на радзіму. Ляцець вырашыў праз Маскву па адной простай прычыне: сябры, якія ехалі адразу ў Беларусь, распавядалі, што беларускія памежнікі дапытвалі іх на мяжы. Некаму нават прыйшлося змарнаваць некалькі гадзін на непрыемную размову, ад якой нельга адмовіцца. Таму мужчына вырашыў, што шлях праз Расію будзе каштаваць менш сапсаваных нерваў.

Але ж у маскоўскім аэрапорце мужчыне сказалі ісці «на размову», якая цягнулася прыкладна з паўгадзіны. Па яго назіраннях, з такой «прапановай» сутыкнулася нямала мужчын з самалёту.

Пытанні задавалі максімальна тактоўна, але яны здзівілі беларуса. Пыталіся, чаму ён вырашыў эміграваць на Захад, кім працуе і чаму не пашукаў працу ў Расіі, дзе больш магчымасцяў, чым у Беларусі.

Напрыканцы гутаркі малады хлопец, які яе праводзіў, сказаў: «А цяпер давайце свой тэлефон». Беларус спытаў, ці можа адмовіцца ад гэтага — суразмоўца ў адказ засмяяўся і сказаў: «Канечне, не». Цікавіў сілавіка выключна тэлеграм — ён спампаваў усё змесціва.

Каго затрымліваюць пасля праверкі тэлефона на мяжы? Назіранні з ізалятара

Жыхарка Брэста прыехала з Польшчы ў Беларусь на пахаванне — яе затрымалі за данат

«Ездзілі-ездзілі, а потым іх не выпусцілі». Беларусы сутыкаюцца з яшчэ адным відам рэпрэсіяў

Праваабаронцы падлічылі, колькі беларусаў сёлета затрымалі пасля вяртання з-за мяжы

Nashaniva.com