Лукашэнка запрасіў у Беларусь славацкага прэм'ера Фіцу

У 2010-я гады Роберт Фіца ўжо дапамагаў беларускаму палітыку нармалізаваць адносіны з Еўрапейскім саюзам.

15.09.2024 / 17:42

Запрашэнне на «на асабістую сустрэчу» ў Беларусь Аляксандр Лукашэнка перадаў прэм'ер-міністру Славакіі, павіншаваўшы яго 15 верасня з 60-годдзем, перадае «Зеркало» са спасылкай на прэс-службу палітыка.

Прэм'ер-міністр Славакіі Роберт Фіца на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам у Мінску, 25 лістапада 2016 года. Фота: прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі

«У Беларусі ведаюць і шануюць мэтанакіраванасць і энергію, з якімі Вы шмат гадоў адстойваеце інтарэсы сваёй краіны. Вашыя прынцыповасць і імкненне ісці наперад, уменне згуртаваць аднадумцаў, прама і адкрыта выказваць сваё меркаванне — важныя якасці сапраўднага дзяржаўнага дзеяча», — гаворыцца ў віншаванні.

Лукашэнка спадзяецца на «асабістую сустрэчу ў бліжэйшы час для падрабязнага абмеркавання агульных тэм» і будзе рады вітаць еўрапейскага палітыка «на беларускай зямлі».

На пасадзе прэм'ер-міністра Славакіі Фіца знаходзіцца з кастрычніка 2023 года, калі яго партыю SMER-SD падтрымалі 23,3% выбаршчыкаў. У мінулым ён ужо двойчы займаў гэтую пасаду. Фіцу называюць прарасійскім палітыкам: у прыватнасці, ён заяўляў пра намер спыніць ваенную дапамогу Украіне.

Акрамя таго, з пачатку новага прэм'ерства Фіцы Славакія аднавіла культурнае супрацоўніцтва з Беларуссю, спыненае пасля расійскага ўварвання ва Украіну, калі для заходу войскаў і запуску ракет выкарыстоўвалася і тэрыторыя нашай краіны.

Дарэчы, падчас папярэдняга прэм'ерства, у 2016 годзе, Фіца ўжо сустракаўся з Лукашэнкам у Мінску. Тады апошні дзякаваў Славакіі «за нармалізацыю адносін Беларусі і ЕС». Палітыкі абмяркоўвалі сумесныя праекты ў фармацэўтыцы, атамнай энергетыцы, вытворчасці шын, дрэваапрацоўцы, газавай сферы, а таксама ў абароннай прамысловасці.

Прэм'ер Славакіі пахваліў Орбана за візіт у Кіеў і Маскву

Многія еўрапейскія ультраправыя ўжо далёка не ультра. А стаўкі Расіі зноў не спрацавалі. Што яшчэ паказалі выбары ў Еўрапарламент

Прэм'ер Славакіі ўпершыню звярнуўся да нацыі пасля замаху на сваё жыццё. Даруе стралку, але не апазіцыі

Nashaniva.com