Расія ўдарыла па Харкаве і трапіла ў шматпавярховы дом — пацярпеў 41 чалавек

Жыхары горада чулі цэлую серыю выбухаў.

15.09.2024 / 16:36

Фота: тэлеграм-канал Уладзіміра Зяленскага

Расійскія войскі нанеслі ўдар па Харкаве. Адна з авіябомб патрапіла ў шматпавярховы жылы дом.

Удар прыйшоўся на дзясяты паверх, пачаўся моцны пажар на чатырох паверхах — з дзевятага па дванаццаты.

Паводле апошніх звестак, пацярпеў 41 чалавек, сярод іх чацвёра дзяцей. Самаму маленькаму пацярпеламу дзіцяці 1 год.

Начальнік паліцыі Харкаўскай вобласці Уладзімір Цімошка распавёў, што Расія ўжыла для ўдару па Харкаву, хутчэй за ўсё, фугасную авіябомбу.

«Заход быў здзейснены тактычнай авіяцыяй з раёна Белгарада, па горадзе пакуль зафіксавана адно трапленне ў шматпавярхоўку. Пакуль мы не зафіксавалі ніводнага загінулага, некалькі чалавек у цяжкім стане, папярэдне, ёсць параненыя дзеці», — цытуе Цімошку «Суспільне Харків».

Паводле кіраўніка паліцыі, сярод дзяцей цяжкапараненых няма.

Nashaniva.com