Тры жыхары Беларусі дасягнулі ўзросту 110 гадоў

Паводле Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, у краіне расце колькасць доўгажыхароў.

15.09.2024 / 12:29

Тры жыхары Беларусі дасягнулі ўзросту 110 гадоў, расказаў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення сацыяльнага абслугоўвання і сацыяльнай дапамогі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Мікалай Арол, паведамляе БелТА.

Паводле яго слоў, у краіне расце колькасць доўгажыхароў. Па апошніх звестках, узросту больш за 100 гадоў дасягнулі звыш 600 чалавек. Цягам апошніх дзесяці гадоў іх колькасць складала каля 400. У 2023 годзе было каля 500 доўгажыхароў.

Мікалай Арол удакладніў, што з ліку ўсіх доўгажыхароў тром жыхарам Беларусі больш за 110 гадоў.

Усе людзі гэтага дастойнага ўзросту знаходзяцца на ўліку ў тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Іх віншуюць з днём нараджэння і іншымі святамі.

Датычна гендэрнага складу намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення дадаў, што 66% людзей старэйшых за 65 гадоў — жанчыны. Гэта значыць, на дзвюх жанчын гэтага ўзросту прыпадае адзін мужчына.

Nashaniva.com