Рашэнне, ці трэба дазволіць Украіне біць па тэрыторыі Расіі, не прынятае
Перамовы Байдэна і Стармера завяршыліся.
14.09.2024 / 07:46
Фота: Manuel Balce Ceneta / AP
Брытанскі прэм'ер Кір Стармер заявіў, што яго перамовы з прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам насілі стратэгічны, а не тактычны характар, і на іх не ішла гаворка «аб нейкім канкрэтным рашэнні». Напярэдадні візіту Стармера ў Вашынгтон заходняя прэса пісала, што ён мае намер пераканаць Байдэна дазволіць Украіне выкарыстоўваць пастаўленыя Брытаніяй ракеты Storm Shadow для нанясення ўдараў па цэлях у Расіі, піша Бі-бі-сі.
Па выніках перамоваў з прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам у Вашынгтоне прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Кір Стармер не пазначыў ніякага рашэння па пытанні, ці трэба дазволіць Украіне наносіць удары заходнімі ракетамі па цэлях у глыбіні тэрыторыі Расіі.
На пытанне, ці ўдалося яму пераканаць Джо Байдэна, Стармер адказаў, што ў іх была «доўгая і прадуктыўная дыскусія па шэрагу кірункаў, уключаючы, Украіну, Блізкі Усход і Інда-Ціхаакіянскі рэгіён».
Паводле яго слоў, размова з Байдэнам насіў стратэгічны, а не тактычны характар, і гаворка не ішла «аб нейкім канкрэтным рашэнні». Пры гэтым у самалёце па шляху ў Вашынгтон, адказваючы на пытанні журналістаў, Стармер прызнаваў, што ў сувязі з «важнымі падзеямі як ва Украіне, так і на Блізкім Усходзе», якія адбудуцца ў бліжэйшы час, на перамовах з прэзідэнтам ЗША «неабходна прыняць шэраг тактычных рашэнняў». «Я вельмі хачу, каб гэтыя тактычныя рашэнні прымаліся ў стратэгічным кантэксце», — казаў ён.
Пасля таго як гэтыя перамовы завяршыліся, а рашэнне па пытанні, ці трэба дазволіць Украіне наносіць удары па тэрыторыі Расіі, так і не было прынята, Брытанскі прэм'ер заявіў, што размова будзе працягнутая ў Генеральнай Асамблеі ААН праз некалькі дзён з удзелам «больш шырокага кола асоб».
Белы дом па выніках перамоваў выпусціў лаканічную заяву, у якой гаворыцца, што сярод іншых тэм, якія абмяркоўваліся на сустрэчы, лідары «пацвердзілі сваю непахісную падтрымку Украіны, якая працягвае абараняцца ад расійскай агрэсіі».
На брыфінгу ў пятніцу, напярэдадні перамоваў, прадстаўнік Рады нацыянальнай бяспекі ЗША Джон Кірбі заявіў, што Вашынгтон не плануе ўносіць ніякіх зменаў у абмежаванні, накладзеныя на выкарыстанне Украінай зброі амерыканскай вытворчасці для нанясення ўдараў па тэрыторыі Расіі.