У Віцебску за «распаўсюд экстрэмізму» зноў судзілі «Чалавека года Віцебшчыны». Ён такі ўжо пяты

Учора ў суд Чыгуначнага раёна Віцебска, каб судзіць за «распаўсюд экстрэмізму», быў выкліканы Дзяніс Якаўлеў, галоўны захавальнік фондаў віцебскага музея Міная Шмырова. У 2022 годзе яму было прысвоена званне «Чалавек года Віцебшчыны» ў намінацыі «Сацыяльная сфера», піша «Віцебская вясна».

13.09.2024 / 23:01

Дзяніс Якаўлеў

Сёлета «Чалавека года Віцебшчыны» судзяць упершыню, але ўвогуле гэты выпадак ужо пяты. Летась па «народнай адміністратыўцы» ч. 2 арт. 19.11 КаАП пакаралі трох чалавек з такім званнем (Ілля Шандалесаў, Тамара Джумантаева, Аляксандр Ганчароў), а пазалетась — аднаго (Вітольд Ермалёнак). Пасля гэтых людзей, нягледзячы на аўтарытэт і былыя заслугі, яшчэ і звальнялі з працы.

Дзяніс Якаўлеў адпрацаваў у мемарыяльным музеі Героя Савецкага Саюза Міная Шмырова больш за 16 гадоў. Апрача сваіх непасрэдных працоўных абавязкаў, ён з'яўляецца вядомым у горадзе папулярызатарам гісторыі «Вялікай Айчыннай вайны». Якаўлеў складае квэсты для падлеткаў па тагачасных падзеях, праводзіць імпрэзы ў музеі і ў навучальных установах.

Паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП РБ Якаўлева судзіла суддзя Алена Грабянчук. Вынік суда пакуль не вядомы, імя і прозвішча Дзяніса Якаўлева яшчэ не знікла з сайта музея.

Доктара і «Чалавека года Віцебшчыны» паўторна арыштавалі на 15 сутак

Яшчэ аднаго «чалавека года Віцебшчыны» судзілі за «экстрэмізм»

Супрацоўніцу Полацкага гісторыка-культурнага запаведніка звольнілі падчас адбыцця арышту

Падчас хапуна ў Мёрах затрымана як мінімум 13 чалавек — сярод іх «Чалавек года Віцебшчыны»

Nashaniva.com