У Вялікабрытаніі ў намесніцы міністра скралі сумачку, пакуль яна выступала з прамовай па праблеме крадзяжоў

Дыяна Джонсан удзельнічала ў паліцэйскай канферэнцыі і заклікала да ўзмацнення парадку.

13.09.2024 / 17:40

Дыяна Джонсан, якая займае пасаду намесніцы міністра ўнутраных спраў Вялікабрытаніі па пытаннях паліцыі, пажарнай аховы і прафілактыкі злачыннасці, стала ахвярай дробнага крадзяжу падчас паліцэйскай канферэнцыі.

Джонсан выступіла перад паліцэйскімі з прамовай, у якой раскрытыкавала папярэдні кансерватыўны ўрад і заявіла, што ў краіне пачалася «эпідэмія антыграмадскіх паводзін, зладзейства і дробных крадзяжоў у крамах», піша BBC.

Іранічна, што ў гэты момант з нумара Джонсан у гатэлі, дзе праходзіла канферэнцыя, скралі сумачку. Таксама абакралі некалькіх супрацоўнікаў апарата МУС. Паліцыя неўзабаве арыштавала падазраванага 56-гадовага мужчыну. Ён быў адпушчаны пад заклад да заканчэння расследавання. 

У выступе на канферэнцыі Джонсан паабяцала, што лейбарысцкі ўрад верне павагу да паліцыі, якая, маўляў, пахіснулася за перыяд праўлення кансерватараў. Таксама лейбарысты абяцаюць дадатковае фінансаванне і стварэнне новых праграм падрыхтоўкі афіцэраў у рэгіёнах.

Паліцэйскія лічаць адной з прычын росту ўзроўню злачыннасці маштабную амністыю, якая праходзіць у Вялікабрытаніі. Сотні зняволеных выпускаюць з турмаў без спецыяльнага плана, і паліцыі цяжка кантраляваць сітуацыю.

Мінскі айцішнік прайграўся ў казіно і скраў у кампаніі 11 ноўтбукаў

З сэканда ў Баранавічах выкралі люксавае адзенне, але пакінулі на месцы абарону ад крадзяжоў

Беларус, які працуе ахоўнікам у Biedronka, параўнаў працу ў Польшчы і Беларусі і раскрыў сакрэты барацьбы з крадзяжамі

Nashaniva.com