Гісторыка Ігара Мельнікава прысудзілі да 4 гадоў калоніі за інтэрв'ю

13.09.2024 / 15:36

Гісторыка Ігара Мельнікава прысудзілі да 4 гадоў калоніі, паведамляе Генпракуратура.

Судовы працэс над гісторыкам прайшоў у Мінгарсудзе. Ігару Мельнікаву закідаюць «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».

Мельнікава судзяць за інтэрв'ю неназванаму незалежнаму СМІ, якое ён даў у 2022 годзе. Працэс праходзіў у адкрытым рэжыме.

Вытрымку з абвінавачвання працытавала «СБ».

«Ігар Мельнікаў у 2022 годзе па матывах нацыянальнай варожасці і варажнечы, а таксама палітычнай і ідэалагічнай варожасці, загадзя ведаючы пра экстрэмісцкую дзейнасць удзельнікаў забароненага ў Беларусі інфармацыйнага рэсурсу, у мэтах развіцця і папулярызацыі медыя такой накіраванасці і ўключэння ў падобную дзейнасць большай колькасці грамадзян, даў ім інтэрв'ю», — заявіў пракурор.

Адзначаецца, што гісторык даваў каментары СМІ як у Беларусі, так і ў Польшчы.

Мельнікаў, як паведамляецца, прызнаў віну. Яму пагражае да шасці гадоў калоніі.

Газета адміністрацыі Лукашэнкі выставіла і свае абвінавачванні на адрас Мельнікава. У рэпартажы гаворыцца, што ён

«у сваіх так званых працах адкрыта ўслаўляў польскіх паноў, якія гадамі прыгняталі беларускі народ, выказваў асаблівую любоў да баевікоў з Арміі Краёвай…»

Самога Мельнікава прапагандысты называюць «псеўдагісторыкам».

У канцы жніўня кнігі Мельнікава «Забыты корпус: гісторыя польскага войска на тэрыторыі Бабруйшчыны ў 1918, 1919—1920 гадах» і «На «мяжы цывілізацый». Старонкі гісторыі даваеннага савецка-польскага кардона ў Беларусі» былі прызнаныя «экстрэмісцкімі».

Nashaniva.com