Ціханоўская абмеркавала з намеснікам дзяржсакратара ЗША намаганні па вызваленні палітвязняў

Святлана Ціханоўская сустрэлася з намеснікам дзяржсакратара ЗША Куртам Кэмпбелам у Вільні. Дэмакратычная лідарка падзякавала ЗША за падтрымку і салідарнасць. Намеснік дзяржсакратара падкрэсліў, што ЗША працягнуць падтрымку беларускага народа і дэмакратычнай супольнасці, паведамляе Аб'яднаны пераходны кабінет.

13.09.2024 / 13:47

Фота: ОСЦ

Падчас сустрэчы абмеркавалі: 

Ваенна-палітычную сітуацыю ўнутры краіны: выкарыстанне Расіяй беларускай паветранай прасторы для ваенных аперацый супраць Украіны, пастаўкі рэжымам узбраення для расійскай арміі. Ціханоўская падкрэсліла, што беларускае грамадства супраць вайны.

Намаганні па вызваленні палітзняволеных і магчымыя крокі міжнароднай супольнасці і ЗША для іх вызвалення і спынення рэпрэсій. 

Непрызнанне «выбараў» 2025 года: Ціханоўская адзначыла, што выбары не будуць празрыстыя, свабодныя і справядлівыя, і не могуць быць прызнаныя міжнароднай супольнасцю. 

Працяг Стратэгічнага дыялогу «Беларусь — ЗША»: дамовіліся працягваць працу па некалькіх напрамках (палітзняволеныя, медыя, нацыянальная ідэнтычнасць, абарона правоў чалавека і інш.) і правесці наступную сустрэчу ў найбліжэйшыя месяцы.

Прызначэнне спецпасланніка ЗША па Беларусі: Ціханоўская падкрэсліла, што такое прызначэнне паспрыяе лепшай каардынацыі паміж дэмакратычнымі сіламі Беларусі і ЗША.

Павелічэнне падтрымкі грамадзянскай супольнасці і незалежным медыям. Кіраўніца Кабінета прапанавала працягнуць і павялічыць праграмы падтрымкі для незалежных арганізацый і ініцыятыў, а таксама рэпрэсаваных.

Санкцыі ў дачыненні да рэжыму: неабходна працягваць санкцыйны ціск на арганізацыі і фізічныя асобы, якія ажыццяўляюць рэпрэсіі і саўдзельнічаюць у вайне.

Супольныя захады падчас сесіі Генасамблеі ААН, а таксама ў межах АБСЕ.

Nashaniva.com