У Гродне ганяліся за таксістам-камікадзэ. Ён абганяў па дзвюх палосах на сустрэчцы
Зараз у кіроўцы, які здзейсніў вельмі небяспечны абгон тралейбуса, могуць забраць правы.
13.09.2024 / 13:51
Скрыншот відэа «АўтоГродна»
Справа была скрыжаванні Дзяржынскага—Церашковай. Кіроўца Volkswagen небяспечна абганяў тралейбус па сустрэчцы.
Таксіст на скрыжаванні працягнуў рух па левай паласе, хоць з яе магчымы быў толькі паварот налева. У выніку Volkswagen ледзь не ўляцеў у машыну, якая стаяла на сустрэчнай паласе на святлафоры. Каб пазбегнуць сутыкнення, таксісту прыйшлося зрушыцца яшчэ лявей на сустрэчцы.
Відэа апублікаваў партал «АўтаГродна». Яго заўважылі ў ДАІ і знайшлі парушальніка. Ім аказаўся 30-гадовы мужчына. На таксіста склалі два пратаколы. За парушэнне правілаў манеўравання ён атрымаў штраф 40 рублёў.
Па пратаколе за парушэнне правілаў абгону ён можа быць аштрафаваны на суму ад 80 да 400 рублёў, таксама кіроўцу могуць пазбавіць правоў на тэрмін да года.