Лічбы, ад якіх страшна. Больш за 280 тысяч беларусаў атрымалі дазволы на жыццё ў ЕС у 2023. Больш толькі ва ўкраінцаў
Большасць беларусаў, якія ўцяклі з дыктатуры, легалізаваліся ў Польшчы.
14.09.2024 / 10:21
Фота: internationalinvestment.biz
Грамадзяне Беларусі ў 2023 годзе атрымалі 281 279 першых дазволаў на жыццё ў краінах Еўрасаюза. У гэтай статыстыцы дазволам на жыццё лічыцца не толькі ўласна ДНЖ, але і доўгатэрміновыя візы, якія дазваляюць знаходзіцца ў краіне 3 месяцы і больш.
Па гэтым паказчыку, як вынікае са звестак Еўрастата, беларусы саступаюць толькі ўкраінцам — ім выдалі 307 313 першых ДНЖ. У топ — 10 таксама грамадзяне Індыі, Марока, Сірыі, Турцыі, Расіі, Кітая, Бразіліі і Афганістана.
Абсалютная большасць беларусаў — 255 595 чалавек (90,9%) — атрымалі першы ДНЖ у Польшчы. У Літве легалізаваліся 16 174 беларусы, у Германіі — 1924. У астатніх краінах ЕС першы ДНЖ у мінулым годзе атрымалі 7586 беларусаў.
У Польшчы беларусы наогул атрымалі больш за ўсіх першых ДНЖ, на другім месцы ідуць украінцы (240 643). У Літве ў лідарах таксама грамадзяне Беларусі — у гэтай краіне яны апярэджваюць узбекістанцаў (7580).
Крыху больш за палову грамадзян Беларусі (52,3%) атрымалі першы ДНЖ па працы. 42,5% беларусаў легалізаваліся па іншых прычынах — да гэтай катэгорыі адносяцца ў тым ліку міжнародная абарона і гуманітарныя ДНЖ. Па колькасці дазволаў на жыхарства па іншых прычынах беларусы (119 531) у мінулым годзе саступілі толькі сірыйцам (130 443). Па 2,6% беларусаў атрымалі ДНЖ на падставе вучобы або па ўз'яднанні з сям'ёй.
У Польшчы беларусы атрымалі 130 057 першых ДНЖ на падставе працы і 117 045 — па іншых прычынах. Пры гэтым у Літве ДНЖ па іншых прычынах атрымалі толькі 758 грамадзян Беларусі.
У 2022 годзе першы ВНЖ атрымалі 300 тысяч беларусаў, у 2021-м іх было больш за 149 тысяч, а 2020-м — 63 тысячы.