Зборная Эстоніі па пляжным футболе адмовілася гуляць чвэрцьфінал са зборнай Беларусі

Мужчынская зборная Эстоніі па пляжным футболе, якая выйшла ў плэй-оф суперфіналу Еўралігі ў Італіі, даведалася свайго суперніка па чвэрцьфінале ў пятніцу і адмовілася гуляць з Беларуссю, піша sport.tv3.ee.

13.09.2024 / 10:31

Такім чынам, зборная Беларусі забяспечыла сабе выхад у паўфінал тэхнічнай перамогай. Для Эстоніі турнір працягваецца гульнямі з 5 па 8 месца.

«Калі б супернікам была Беларусь, мы дамовіліся з камандай, што не будзем з ёй гуляць. Мы выходзім на поле, гучна спяваем нацыянальны гімн Эстоніі і затым пакідаем поле. Мы на 100% аднадушныя з камандай у тым, што расійскім і беларускім спартсменам на дадзены момант не месца на спартыўных пляцоўках!» — казаў брамнік зборнай Эстоніі Каспар Котэр перад лёсаваннем.

Зборная Беларусі па пляжным футболе досыць моцная дружына. На чэмпіянаце свету ў лютым яна дабралася да паўфінала, але спачатку прайграла яго, а потым і матч за 3-е месца.

Раней дэмаршы ў футболе заяўляла Літва: адмаўляліся гуляць з беларусамі мужчынская і жаночая зборныя.

Nashaniva.com