Арменія выпусціла ў ЗША амерыканца, якога шукаюць у Расіі
Да гэтага амерыканец цягам трох гадоў не мог пакінуць тэрыторыю Арменіі — пры тым, што і Расіі яго не выдавалі.
13.09.2024 / 09:14
Фота: J. Scott Applewhite / AP
Арменія выпусціла ў ЗША грамадзяніна гэтай краіны Эрыка Томаса Крымера, якога расійскія ўлады абвяшчалі ў вышук. Да гэтага амерыканец цягам трох гадоў не мог пакінуць тэрыторыю Арменіі — пры тым, што і Расіі яго не выдавалі, паведамляе «Голас Амерыкі».
Крымера затрымалі ў Маскве ў красавіку 2017 года, абвінаваціўшы ў захоўванні наркотыкаў. Сам ён сцвярджаў, што наркотыкі яму падкінулі паліцэйскія, адначасова з гэтым патрабуючы 500 тысяч расійскіх рублёў за спыненне крымінальнай справы.
Пазней грамадзяніна ЗША адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе, ён змог паляцець на радзіму, але быў абвешчаны ў міждзяржаўны вышук.
У 2021 годзе Крымера затрымалі ўжо ў Арменіі, калі ён прыехаў туды на адпачынак.
Доўгі час армянскія ўлады не маглі вырашыць, што рабіць з амерыканцам далей: па словах яго адваката, затрыманага не сталі выдаваць па запыце Расіі таму, што не хацелі псаваць адносіны з ЗША, але і дадому не выпускалі.
Летась Крымер падаваў заяву на наданне яму ў Арменіі палітычнага прытулку, але атрымаў адмову.