Украінка з расійскім пашпартам Анна Асці будзе двойчы запар збіраць «Мінск-Арэну»

Спявачка застаецца ў Беларусі ў топах папулярнасці — летась яна давала тры канцэрты.

13.09.2024 / 09:09

Анна Асці, фота instagram.com/asti

Спявачка Анна Асці запланавала ў снежні два канцэрты ў Мінску. Абодва пройдуць на «Мінск-Арэне» — самай вялікай канцэртнай пляцоўцы Беларусі.

Колькасць канцэртаў у «Мінск-Арэне» цяпер мізэрная. Апроч Анны Асці, да канца года чакаецца яшчэ толькі выступ Дзімы Білана.

Заходнія спевакі цяпер у Беларусь не ездзяць, а многія расійскія зоркі абіраюць меншыя пляцоўкі.

Напрыклад, у кастрычніку Сяргей Лазараў будзе даваць два запар канцэрты ў Палацы рэспублікі. Там жа да канца года выступяць Ані Лорак і Аляксандр Панаётаў. А для МакSім і Уладзіміра Праснякова прапанавалі Палац спорту.

Адметна, што ў снежні 2023 года Анна Асці дала ажно тры канцэрты ў «Мінск-Арэне». Па сведчаннях гледачоў, усе яны прайшлі з аншлагамі.

Анне Асці 34 гады. Яе сапраўднае імя — Ганна Дзюба. Дзяўчына нарадзілася ва ўкраінскіх Чаркасах, правяла там усё дзяцінства. Пераехала ў Маскву ў 2013 годзе, з цягам часу атрымала расійскі пашпарт. Спявачка ніяк не выказваецца наконт расійскага нападу на Украіну, за што яе моцна крытыкуюць на радзіме.

Nashaniva.com