«Пячэнне «Экстрэмістка». Як нямецкая пісьменніца паказвае беларускія пратэсты
«Няхай сабраныя тут аповеды беларускіх актывістак гучаць, як дзікія галасы белага спеву. Яны павінны быць пачутыя — як урок, як папярэджанне і прызнанне. Не ў апошнюю чаргу яны сведчанне надзеі». Так піша ў сваёй кнізе «Белы спеў: Мужныя жанчыны беларускай рэвалюцыі» пісьменніца і літаратуразнаўца Дарота Данялевіч. Ці атрымалася ў аўтаркі перадаць характар беларускай рэвалюцыі? Якімі яна бачыць беларускія пратэсты і гераіняў гэтых пратэстаў? На budzma.org прачыталі кнігу і падзяліліся ўражаннямі.
12.09.2024 / 20:10
Дарота Данялевіч — пісьменніца і літаратуразнаўца, працавала журналісткай на радыё RBB (Берлін) і берлінскай карэспандэнткай Radio France Internationale. Жыве ў Берліне.
Кніга «Белы спеў: Мужныя жанчыны беларускай рэвалюцыі» выйшла ў нямецкім выдавецтве Europa Verlag у 2022 годзе і працягнула невялічкі шэраг выданняў, прысвечаных беларускай рэвалюцыі: Die Frauen von Belarus Аліс Бота, У рэвалюцыі жаночы твар Вольгі Шпарагі, Die weißen Tage von Minsk Віталя Алексяёнка, Revolution der Geduld. Eine belarussische Bricolage» Генрыха Кіршбаўма (апошняя кніга даступная і ў беларускім перакладзе пад назвай «Беларускі брыкалаж»).
10 партрэтаў у адной кнізе
У кнізе прадстаўленыя партрэты дзесяці жанчын, якія ўдзельнічалі ў падзеях 2020 года і былі вымушаныя з’ехаць з Беларусі. Аповеды максімальна шчырыя і асабістыя, пры гэтым слова маюць не толькі лідаркі нацыі. Гераіні кнігі — прадстаўніцы розных пакаленняў: студэнткі і дарослыя жанчыны, дочкі і маці, але ўсе без выключэння выдатна адукаваныя, паспяховыя і крэатыўныя.
Усе часткі гэтай кнігі складаюць адзін вялікі дакументальны аповед, які ўскрывае механізмы дзяржаўнага кіравання і падаўлення волі беларусаў.
Напісаная для нямецкага чытача, кніга дае даволі падрабязнае ўяўленне пра розныя аспекты беларускага пратэсту. Інтэрв’ю з журналісткамі Ірынай Новік і Наталляй Лубнеўскай сведчаць пра тое, у якіх умовах працуюць у Беларусі незалежныя СМІ.
У інтэрв’ю з Маргарытай Шышай і Дыянай Ігнатковай, былымі студэнткамі Гродзенскага ўніверсітэта Янкі Купалы і Беларускага ўніверсітэта культуры, даведваемся знутры пра дзейнасць студэнцкіх аб’яднанняў і механізмы ціску на студэнтаў. Абмежаваныя магчымасці незалежнага назірання засведчылі Вольга Вялічка і Дыяна Ігнаткова. Іна Т. падрабязна рэканструюе жорсткае абыходжанне з затрыманымі пасля аднаго з маршаў. Сёстры Надзея Сцепанцова і Жана Захаркевіч перажылі лжэсведчанне міліцыянераў і ўцёкі праз балота ў суседнюю краіну. Пра збор подпісаў і лёс паплечнікаў Сяргея Ціханоўскага расказвае на прыкладзе Змітра Фурманава ягоная жонка (на момант падзей — нявеста) Вольга. На прыкладзе Вольгі Кавальковай незнаёмы з беларускай палітыкай чытач зразумее, наколькі абмежаваныя магчымасці прафесійных палітыкаў у Беларусі і іх уплыў на падзеі. «Людзі выйшлі на вуліцы, а мы, лідары і лідаркі, пайшлі за імі» (ст. 19), — кажа Вольга.
Непарадны бок беларускай рэвалюцыі
Мы бачым не толькі парадны твар рэвалюцыі, але і яе адваротны бок — цану, якую кожная з гераіняў мусіла заплаціць за свае перакананні. І эміграцыя — не самае горшае з выпрабаванняў. Да яе трэба дадаць непаразуменні з блізкімі, здраду, мобінг на працы, страчаныя бізнэсы, паламаныя кар’еры і лёсы, а ў выпадку з Вольгай Вялічкай — стваральніцай і кіраўніцай хоспіса ў Гародні — яшчэ і сотні людзей, якія недаатрымаюць сваёй дапамогі.
Непарадны бок рэвалюцыі — гэта і фізіялагічныя выпрабаванні падчас арышту, пра якія шчыра распавядае адна з гераіняў, і шматлікія спробы дагрукацца да людзей па той бок барыкад — амапаўцаў, канваіраў і турэмных наглядальнікаў, у якіх гераіні кнігі, нягледзячы ні на што, бачаць людзей і грамадзян.
Цяжкасці ў няволі часткова кампенсуюцца паўсюднай чалавечай падтрымкай: гераіняў кнігі бясплатна падвозіць таксоўшчык (у Польшчы), частуюць кавай (у Гродне) і аплачваюць набытыя прадукты ў супермаркеце (у Вільні).
Усе інтэрв’ю запісаныя ў даволі ранні перыяд беларускіх рэпрэсій, і большасць гераіняў, на шчасце, былі арыштаваныя толькі на кароткія тэрміны (безумоўна, нават гэтыя кароткія тэрміны не маюць апраўдання). Калі б кніга пісалася ў 2024-м, тэрміны былі б зусім іншыя.
Зрэшты, дзве гераіні кнігі — сёстры Надзея Сцепанцова і Жана Захаркевіч — акурат у жніўні 2024-га завочна атрымалі яшчэ адзін прысуд — 4 гады турмы кожнай за так званае садзейнічанне экстрэмізму. У тым жа месяцы Вольга Вялічка завочна атрымала прысуд 9 гадоў пазбаўлення волі. Вользе Кавальковай завочна прысудзілі 12 гадоў калоніі яшчэ ў 2023-м.
Ці быў гэта жаночы пратэст
Падзагаловак кнігі пазначае жаночы характар беларускага пратэсту, аднак на пытанне, ці быў гэта жаночы пратэст, аўтарка атрымлівае адказ, што гэта вельмі прыгожы наратыў, але трэба думаць, як выкарыстаць яго для будучыні і для нашых дзяцей: магчыма, мы маем шанец упісаць фемінізм у будучую беларускую канстытуцыю (Вольга Вялічка). Вольга падкрэсліла, што пратэст у Беларусі ўсё ж не толькі жаночы:
«Нашы мужчыны (змагаюцца) поплеч з намі, мы падтрымліваем адно аднаго».
Як паказаныя экскурсы ў гісторыю
Дарота Данялевіч нарадзілася і да паўналецця жыла ў Польшчы, і культурна-гістарычныя рэаліі яны тлумачыць нямецкім чытачам, зыходзячы са свайго бэкграўнду. Так, у частцы гістарычнага кантэксту гэтай кнігі з’яўляецца польскі акцэнт. Адам Міцкевіч, па кнізе якога спрабуе вывучыць польскую мову адна з гераіняў, прадстаўляецца польскім аўтарам, які вучыўся ў Вільні. А «Наша Ніва» нараджаецца ў «тады польскай Вільні».
Некаторыя экскурсы ў гісторыю атрымліваюцца трошкі няскладнымі, недакладнымі ці міфалагізаванымі. Напрыклад, пра бел-чырвона-белы сцяг гаворыцца, што сімвалічны характар ён набыў пасля камуністычнага путча 1919 года і выкарыстоўваўся ў часе паміж войнамі «ў польскай эміграцыі ў Празе» (ст. 45), а складанасць пераходу літоўскіх балот тлумачыцца зусім міфічна: маўляў, гэта тыя самыя балоты, што не далі крыжакам прасунуцца на Усход.
Але экскурс пра гісторыю беларускага супраціву ў Другую сусветную вайну атрымаўся дастаткова вычарпальным, каб патлумачыць паўстанне прапагандысцкага наратыву пра беларускую сімволіку як нацыяналістычную.
Гісторыі жанчын-суразмоўніц: увага да дэталяў і некаторыя недакладнасці
Затое гісторыі жанчын-суразмоўніц запісаныя з максімальнай увагай да дэталяў, а некаторыя недакладнасці (ці, магчыма, непаразуменні) у перадачы рэалій не адмяняюць значнасці гэтага дакумента.
Так, у Мінску з’яўляецца Кальварыйскі раён, «хімія», як і калонія, называецца «працоўным лагерам» (шчаслівыя людзі, што не ведаюць розніцы паміж мерамі пакарання), а перапіс асабістых рэчаў затрыманых пасля аднаго з маршаў праводзяць у нейкай зале для мерапрыемстваў у цэнтры горада, і аўтарка выказвае меркаванне, што гэта зала ў плямах крыві ведала лепшыя часы і пах жаночай парфумы. Насамрэч гэта, хутчэй за ўсё, была актавая зала аднаго з РАУС.
Дзве знакамітыя турмы называюцца амаль жаночымі імёнамі — «Акрэсціна» і «Жодзіна», губляючы па дарозе свае прыназоўнікі. Што праўда, па ходу некаторыя назвы выпраўляюцца, расповед набывае ўсё больш дыферэнцыяванасці.
Імёны таксама нават у межах аднаго партрэта і нават адной асобы могуць вар’іравацца і прыводзіцца ў транслітарацыі то з рускай, то з беларускай моваў. Гэта пытанне хутчэй датычыць рэдактуры і той агульнай культуры ведаў пра нашу краіну, якой не стае нямецкім рэдактарам і выдавецтвам.
Адкуль назва «Белы спеў»
Назва кнігі ўводзіць у зман: на вокладцы бачым жанчын, якія спяваюць. аднак у самой кнізе спяваюць толькі аднойчы студэнты Гродзенскага ўніверсітэта. У назву ж вынесены «белы спеў» — тэхніка гарлавога спеву, у прыватнасці, распаўсюджаная на Палессі. Гэты тэрмін збольшага вядомы толькі мастацтвазнаўцам, і ніхто з суразмоўніц не абапіраўся на яго або наогул на спевы для вызначэння свайго ўдзелу ў пратэстах.
У прадмове аўтарка піша:
«Так званы белы спеў — гэта старая, народная тэхніка спеву ўсходнееўрапейскіх жанчын, якая дазваляе асаблівым спосабам выказаць пачуцці».
Далей гаворыцца, што гэтая тэхніка перажывае своеасаблівы рэнесанс, перадусім у Літве і Польшчы.
«Няхай сабраныя тут аповеды беларускіх актывістак гучаць, як дзікія галасы белага спеву. Яны павінны быць пачутыя — як урок, як папярэджанне і прызнанне. Не ў апошнюю чаргу яны сведчанне надзеі».
Відаць, назва ўзнікла ў тым ліку як спроба ўгадаць, як будзе звацца беларускае паўстанне ў будучых падручніках гісторыі, а таксама дагадзіць уяўленням нямецкіх чытачоў, якіх зачапілі выявы белай дзявочай рэвалюцыі, што на кароткі момант запаланілі ўсе экраны ў 2020-м. На шчасце, пад вокладкай адкрываецца нашмат больш складаная і рэалістычная карціна падзей.
Ці магчыма наогул расказаць пра гэты досвед, не спрашчаючы? Ці разрыў паміж тым, як гатовыя нас бачыць іншыя, і тым, што ёсць насамрэч, пакуль не дапускае менш экспартнага варыянту назвы?
Пра немагчымасць называння беларускай рэвалюцыі піша ў сваёй кнізе і Генрых Кіршбаўм:
«Потым, задняй датай яно з’явіцца, ідыяматызуецца, прыжывецца ў падручніках. Але пакуль каштоўная менавіта гэтая безыменнасць. Імя задало б татальнасць і фатальнасць».
І калі Генрых Кіршбаўм мае рацыю і падзеі ў Беларусі — гэта рух суб’ектывацыі, тым больш варта шукаць адказаў у словах саміх гераіняў. Інакш, выяўляецца, за іх прамаўляюць іншыя?
Бо калі называць гэтую кнігу словамі яе гераіняў, то яна магла б называцца «Пячэнне «Экстрэмістка». Гэта адзін з самых яркіх вобразаў, які сустракаецца ў кнізе. Ірыну Новік вязуць у бусіку ў аддзяленне, па дарозе міліцыянер скардзіцца ёй, што не мае да яе дачынення, што яго праца — п’яніцы і дэбашыры, якіх ён афармляе па чарзе, як касірка ў супермаркеце (стар. 51). Ірына разумее: яна — пачак пячэння на касе, які адсканавалі пад кодам «экстрэмістка» і адправілі на адпаведны канвеер.
Кніга, безумоўна, ёсць важным дакументам і сведчаннем пра змаганне, якое яшчэ не скончылася, пра дзяржаўныя рэпрэсіі і надзеі беларусак.
Калі вы дачыталі да гэтага месца і калі вы ў Вільні, то не забудзьцеся завітаць у прастору «Кропка» і выпіць кавы ў Вольгі і Змітра Фурманавых, а таксама пагартаць гэтую кнігу.
Каго сёння можна назваць сапраўдным патрыётам Беларусі? Гутарка з філосафам Баркоўскім