Коля Лукашэнка стаў героем расісцкіх мемаў
Допіс з адным з мемаў набраў ужо больш за мільён праглядаў у твітары, а стваральніка арыгінала заблакавалі за парушэнне правіл.
12.09.2024 / 22:57
Коля Лукашэнка стаў сімвалам «чыстай» белай расы.
Мем з сынам беларускага палітыка апублікаваў у твітары карыстальнік ShitpostGateway, які збірае, мяркуючы па назве, дрэнны кантэнт.
На карцінцы мужчына сярэднестатыстычнай знешнасці ў акулярах пад сцягамі Германіі, Італіі і ЗША заяўляе «Вы не белыя, вы лацінасы».
Яму адным сваім выглядам адказвае Коля Лукашэнка, які мае «арыйскую» знешнасць са светлымі валасамі і суровымі, правільнымі рысамі твару.
Праўда, вакол Лукашэнкі сцягі Аргенціны, Уругвая і сепаратысцкага руху «Поўдзень — мая краіна», які выступае за незалежнасць Паўднёвага рэгіёна Бразіліі. Расісты лічаць гэтыя рэгіёны самымі «чыстымі» ў Лацінскай Амерыцы, бо ў XIX — першай палове XX стагоддзя сюды пераехала шмат мігрантаў нямецкага, італьянскага і славянскага паходжання. У выніку інтэнсіўнага «адбельвання» насельніцтва ўдзельная вага метысаў і цемнаскурых тут няўхільна зніжаецца.
Арыгінальны мем са славянамі. Фота: realxero02
Але пры чым тут сын беларускага палітыка?
Гэты мем быў перароблены патагонскімі нацыяналістамі (так, існуе і такое) з ранейшага, у якім мужчына пад сцягамі Францыі, Італіі і Бельгіі казаў, што «вы не белыя, а славяне», а яму гэтак жа без слоў адказваў Лукашэнка-малодшы пад сцягамі Польшчы, Беларусі і Расіі.
Упершыню гэты мем быў апублікаваны ў твітары ў чэрвені 2024 года карыстальнікам з Польшчы пад нікам @realxero02. Раней хлопец стаў фігурантам скандалу, калі заявіў, што яго адлічылі з Гданьскага медыцынскага ўніверсітэта за «нібыта трансфобію». Сёння ягоны акаўнт заблакаваны за парушэнне правіл сайта.
Лукашэнка пра свой выхад з аўтаматам у 2020-м: Коля бронекамізэльку накінуў — маці яго завыла
Канада ўвяла санкцыі супраць Колі Лукашэнкі