У Маладзечне п'яныя падлеткі кідалі бутэлькі з акна. Самай дакладнай была 15-гадовая дзяўчына
Кампанія дзяцей арганізавала адпачынак напярэдадні новага навучальнага года ў кватэры аднаго з падлеткаў.
12.09.2024 / 10:24
Школьнікі падумалі, што проста бавіць час разам будзе недастаткова, таму вырашылі выпіць моцнага алкаголю, паведамляе «Маладзечна Сіці».
Вечарына набліжалася да канца і чакаўся прыезд бацькоў гаспадыні кватэры. Дзеці зразумелі, што трэба неяк пазбавіцца ад «слядоў» злачынства, але так як ісці на вуліцу ім не хацелася, хлопцы вырашылі выкідваць пустыя пляшкі з акна.
Самай дакладнай была 15-гадовая дзяўчына, якая, выкідваючы пляшку з акна, прызямліла яе на прыпаркаваны каля пад'езда аўтамабіль свайго суседа, тым самым пашкодзіўшы капот і лабавое шкло транспарту.
Следчымі ў дачыненні да непаўналетняй распачата крымінальная справа за хуліганства.