Джон Бон Джові выратаваў жанчыну, якая хацела кінуцца з моста

Легендарны амерыканскі рок-музыкант атрымаў падзяку паліцыі за тое, што дапамог жанчыне, якая апынулася ў бядзе, калі яна знаходзілася на краі моста ў Нэшвіле (Тэнэсі) у аўторак вечарам.

12.09.2024 / 07:54

Скрыншот відэа CBS News

Паліцэйскае ўпраўленне Нэшвіла апублікавала відэазапіс, на якім фронтмэн Bon Jovi і яго каманда былі на пешаходным мосце, калі жанчына стаяла за парэнчамі ў небяспечнай блізкасці ад ракі Камберленд, піша Бі-бі-сі.

Па словах паліцыі, 62-гадовы Бон Джові і іншыя людзі пагаварылі з жанчынай і дапамаглі ёй вярнуцца на мост.

Мяркуючы па асобных кадрах, апублікаваных у сацыяльных сетках, Бон Джові знаходзіўся ў Нэшвіле на здымках музычнага кліпа на мосце. На відэа, апублікаваным паліцыяй, відаць, як жанчына ў сінім трымаецца за парэнчы, стоячы на выступе.

Міма яе праходзяць іншыя людзі, а крыху далей па мосце каманда Bon Jovi, падобна, ставіла абсталяванне для здымак.

Бон Джові падышоў да жанчыны з кімсьці іншым, пакуль яго каманда стаяла далей.

Затым відаць, як спявак вітальна махае ёй рукой і абапіраецца на парэнчы побач з ёй.

Прыкладна праз хвіліну Бон Джові з дапамогай іншай жанчыны ўдваіх выцягнулі яе назад на пешаходную дарожку на мосце. Пасля таго як жанчына аказалася ў бяспецы, да яе падышлі іншыя людзі, і Бон Джові абняў яе.

Праз некалькі хвілін на кадрах паліцыі бачна, як Бон Джові пакідае мост разам з ёй.

Фота: паліцыя Нэшвіла

У суправаджальным роліку, апублікаваным у сацыяльных сетках, паліцыя Нэшвіла паведаміла: «Выказваем падзяку Джону Бон Джові і яго камандзе за дапамогу жанчыне на пешаходным мосце Сейгенталер у аўторак вечарам.

Бон Джові дапамог пераканаць яе спусціцца з уступа над ракой Камберленд у бяспечнае месца».

Nashaniva.com