У Мінску ў верасні зацвілі каштаны. Гэта нармальна?
Здымкі каштанаў у цвеце на адной з вуліц мінскай Грушаўкі даслала чытачка выдання «Анлайнер».
11.09.2024 / 17:14
Журналісты пацікавіліся, ці нармальная гэта з'ява, у Міхаіла Рудзевіча, старшага навуковага супрацоўніка лабараторыі інтрадукцыі драўняных раслін Цэнтральнага батанічнага саду НАН РБ.
Па словах эксперта, у познялетні альбо раннеасенні перыяд часцей за ўсё цвітуць інтрадуцэнты — расліны, пераселеныя ў мясцовасць, дзе яны раней не раслі. Сярод іх — конскі каштан. У Беларусі яго часта выкарыстоўваюць для азелянення гарадскіх вуліц.
Дрэвы скінулі лісце ўжо ў сярэдзіне — канцы ліпеня. З-за спякоты яны ўпалі ў стан спакою.
«А потым пры захаванні цёплага надвор'я прайшлі дажджы. І расліны ўспрынялі гэта так, быццам неспрыяльны (у гэтым выпадку гарачы) перыяд падышоў да канца, наступіла вясна, — і пупышкі, закладзеныя ў ліпені, пачалі распускацца», — удакладняе спецыяліст.
Падобнае цвіценне каштанаў у верасні ўжо не рэдкасць для Беларусі, лічыць Міхаіл. Прычына — перыяды гарачага надвор'я летам:
«І акрамя каштанаў, ранняй восенню цвітуць іншыя расліны: ружы, яблыні, спірэі, слівы, рададэндраны і многія іншыя».
У Гомелі заўважылі незвычайны ружовы каштан
Пад Мінскам зацвілі яблыні ФОТАФАКТ