Кубракоў адправіў на мяжу з Украінай АМАП і ўнутраныя войскі — «каб не дапусціць прарыву УСУ»
Кіраўнік МУС заявіў, што прыняў такое рашэнне, прааналізаваўшы наступ украінскіх вайскоўцаў у Курскай вобласці.
11.09.2024 / 15:26
Вучэнні ў Століне. Фота: МУС
У памежныя з Украінай населеныя пункты накіраваныя дадатковыя падраздзяленні АМАП і ўнутраных войскаў. Пра гэта перад стартам вучэнняў у Століне распавёў кіраўнік МУС Іван Кубракоў, піша БелТА. Міністр заявіў, што яго ведамства прааналізавала аперацыю УСУ ў Курскай вобласці.
«У сувязі з напружаным становішчам ля паўднёвых рубяжоў Беларусі ў памежжы размешчаныя спецыяльныя падраздзяленні АМАПа і ўнутраных войскаў. Іх асноўная мэта — не дапусціць заходу праціўніка ў населеныя пункты, гарантаваць бяспеку нашых грамадзян. У гэтай сувязі арганізавана аператыўнае ўзаемадзеянне з камандзірамі баявых падраздзяленняў, пагранічных войскаў, старшынямі абласных і раённых выканкамаў», — гаворыцца ў паведамленні.
У МУС лічаць, што перакідка дадатковых падраздзяленняў на мяжу дазваляе «трымаць сітуацыю пад кантролем і не дапускаць пранікнення дыверсійна-разведвальных груп на тэрыторыю краіны».
У Століне недалёка ад мяжы з Украінай сёння праходзілі вучэнні МУС. Цэлы шэраг вуліц быў перакрыты, па горадзе ездзіла спецтэхніка, хадзілі ўзброеныя сілавікі, былі чутныя стрэлы і выбухі.