Зачыніць вокны, не курыць, не есці тлустае. Мінскі цэнтр гігіены расказаў, што рабіць, калі на вуліцы смог
Мінчукі зноў паведамляюць, што ў горадзе пахне гарам. МНС звязвае гэта з пажарамі на поўдні краіны. А Мінскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі рэкамендуе не адчыняць вокны.
11.09.2024 / 15:23
Фота: Tochka.by
Гарадскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі распавёў, што трэба рабіць пры неспрыяльных для рассейвання забруджвальных рэчываў метэаўмовах.
Для прадухілення абвастрэння сардэчна-сасудзістых, лёгачных і іншых хранічных захворванняў, варта займацца прафілактыкай:
- Па магчымасці пазбягаць працяглага знаходжання на паветры, трымаць вокны зачыненымі.
- Пастарацца не перанапружвацца фізічна. Любая дадатковая фізічная нагрузка прымусіць вас дыхаць часцей і глыбей.
- Па меры магчымасці выкарыстоўваць у побыце і на працоўных месцах сістэмы кандыцыянавання і ачысткі паветра.
- Праводзіць вільготную ўборку ў жылых памяшканнях і на працоўных месцах; карысна таксама паставіць у жылых і працоўных памяшканнях ёмістасці з вадой, каб павысіць вільготнасць паветра.
- Максімальна абмежаваць, а лепш выключыць курэнне, пазбягаць ужывання алкагольных напояў, так як гэта правакуе развіццё вострых і хранічных захворванняў сардэчна-сасудзістай і дыхальнай сістэм.
- Павялічыць спажыванне вадкасці для дарослых.
- Выключыць з харчавання тлустую ежу. Ужываць лёгказасваяльную, багатую вітамінамі і мінеральнымі рэчывамі ежу, аддаваць перавагу гародніне і садавіне.
- Уладальнікам аўтатранспартных сродкаў, пры перамяшчэнні па горадзе ў перыяд неспрыяльных метэаўмоў для рассейвання забруджвальных рэчываў, па магчымасці адмовіцца ад кіравання і скарыстацца грамадскім транспартам.
- Грамадзянам не спальваць лістоту і смецце на тэрыторыях прыватных домаўладанняў і не праводзіць работы, якія могуць прывесці да павышанага ўтварэння пылу.
- Людзям, якія пакутуюць на лёгачныя, сардэчныя, алергічныя захворванні, неабходна мець пры сабе лекавыя прэпараты, рэкамендаваныя дактарам.
- У выпадку ўзнікнення сімптомаў вострага захворвання або нядужання (з'яўленні прыкмет дыхавіцы, кашлю і гэтак далей) неабходна звярнуцца да доктара.
У Мінску сёння неба зноў зацягнула смугой, а ў паветры адчуваецца пах гару. У МНС паведамляюць, што ў горадзе ўсё ў парадку, а пах і дым могуць быць звязаныя з пажаранебяспечнымі ўмовамі надвор'я ў лясах і на балотах краіны.